Калега беларуса-вахтавіка праінфармаваў яго жонку, што той у Расіі жыве з іншай. І пачалося
Вынік — кома аднаму. І тры гады калоніі другому.
«Месаліна ў пакоі Ліцыскі». Агасціна Карачы
Беларусу Мікалаю Лебедзеву ў Арлоўскай вобласці Расіі прысудзілі тры гады калоніі за збіццё свайго сябра-земляка С. Швядоўскага, якога ўсе ведалі па мянушцы «Рауль».
Пра драматычныя падзеі, якія разгортваліся ў пакоі гасцініцы «Мцэнская», варта расказаць падрабязна.
Лебедзеў і Швядоўскі паходзяць з адной мясцовасці ў Беларусі, раней былі суседзямі, а пасля сталі катацца на працу да аднаго і таго ж расійскага іпэшніка. Сябры працавалі арматуршчыкамі.
У Лебедзева ў Беларусі засталася сужыцелька па імені Юлія. Калі ў верасні 2024 года Швядоўскі быў дома паміж вахтамі, яна спытала ў яго пра свайго мужчыну. Але тады Швядоўскі нічога сказаць не мог, бо Лебедзеў з ім у адным інтэрнаце не жыў.
Калі ж праз некалькі тыдняў Швядоўскі вярнуўся на вахту ў Мцэнск, то навёў даведкі і дазнаўся што Лебедзеў жыве з іншай жанчынай. Тады ён вырашыў адсправаздачыцца пра гэта Юліі — напісаў паведамленне з сумнай праўдай у WhatsApp.
14 кастрычніка 2024 года Швядоўскі вярнуўся ў пакой раней часу, бо праз дождж працу спынілі. Там ужо былі чацвёра яго суседзяў, частка з іх пілі.
Праз некаторы час у пакой прыйшоў Лебедзеў, ужо п'яны. Спачатку размова паміж ім і Швядоўскім ішла спакойна: Лебедзеў расказаў, што пасварыўся з Юліяй менавіта таму, што Швядоўскі паведаміў ёй пра суперніцу. Аднак хутка тон размовы змяніўся — паміж мужчынамі пачаўся канфлікт на павышаных танах.
Лебедзеў стаў наносіць Швядоўскаму, які ляжаў на сваім ложку, аплявухі. Сведкі налічылі каля дзесяці такіх удараў.
Суседзі спрабавалі спыніць Лебедзева, але ён заклікаў іх не ўмешвацца і запэўніў, што сам вырашыць, калі варта скончыць збіццё. Сам Швядоўскі ў гэты час толькі прасіў, каб яго пакінулі ў спакоі, спасылаючыся на тое, што хоча спаць, а заўтра яму трэба на працу.
Суседзі пайшлі на перакур, а калі вярнуліся, то пабачылі, што Швядоўскі ляжыць на падлозе, а Лебедзеў працягвае калаціць яго. Швядоўскі ў гэты момант закрываўся рукамі, прасіў прабачэння і казаў, што больш ніколі не будзе пісаць жонцы Лебедзева. Нягледзячы на гэта, Лебедзеў нанёс яму яшчэ 4—5 удараў, разбіўшы губу да крыві.
Швядоўскі з цяжкасцю падняўся і сеў на свой ложак. Лебедзеў загадаў яму «быць мужыком» і ўстаць. Калі Швядоўскі падняўся на ногі, Лебедзеў, стоячы да яго тварам, з вялікай сілай нанёс адзін бакавы ўдар сціснутым кулакам правай рукі ў левы бок твару. Ад гэтага ўдару Швядоўскі ўпаў паміж ложкамі — і, паводле сведкі, ударыўся галавой аб драўляную прыложкавую тумбачку. Упаўшы, ён захрыпеў і страціў прытомнасць, з рота пайшла крывавая пена.
Убачыўшы, наколькі сур'ёзная сітуацыя, прысутныя паспрабавалі супакоіць і адцягнуць Лебедзева, а таксама патэлефанавалі калегу, які жыў у той жа гасцініцы на першым паверсе. Той прыйшоў, загаварыў з Лебедзевым на цыганскай мове і загадаў яму сыходзіць, пасля чаго выклікаў брыгаду хуткай дапамогі. Пад галаву непрытомнага Швядоўскага падклалі падушку, каб той не захлынуўся крывёю.
У выніку мужчыну адвезлі ў бальніцу з дыягназам закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу цяжкай ступені, вострая субдуральная гематома справа, ацёк галаўнога мозгу, кома I ступені.
На наступны дзень Лебедзева затрымалі. Ён прызнаў віну толькі часткова: маўляў, пару ўдараў было, але калі адыходзіў, то Швядоўскі быў у прытомнасці. Але яму не паверылі.
У выніку дзеянні Лебедзева кваліфікавалі паводле ч. 1 ст. 111 КК РФ — наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, небяспечнай для жыцця чалавека. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў калоніі.