«Як беларус, бульбу вырошчваю». Як жыве Віталь Тысеў, які перажыў аперацыю на хрыбетніку
Віталю тры гады таму беларусы сабралі грошы на аперацыю, каб яго не паралізавала. Ён ходзіць, займаецца фермерствам, але мае праблемы з працай і польскай пенсіяй.
У 2023 годзе беларусу Віталю Тысеву ў Германіі зрабілі складаную аперацыю. Шмат гадоў перад гэтым у яго была траўма хрыбетніка, якая дазваляла жыць і працаваць. Складанасці пачаліся ў 2020 годзе, калі Віталя падчас пратэстаў арыштавалі і збілі сілавікі. Суткі ў ізалятары справакавалі запаленне. Развілася аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі хрыбетніка — анкілазуючы спандыліт, зрасліся ўсе суставы хрыбетніка і іншыя суставы, піша Радыё Свабода.
Тры гады таму нямецкія дактары сказалі: калі не зрабіць аперацыю найбліжэйшымі тыднямі, мужчыну можа паралізаваць. Беларусы тады сабралі Тысеву больш за 55 тысяч еўра. Віталя аперавалі ў вядомай нямецкай клініцы «Шарытэ», усё прайшло паспяхова.
Цяпер Віталь Тысеў жыве ў польскім горадзе Шчэціне на мяжы з Нямеччынай.
«Дзякуючы беларускаму грамадству ўсё добра. Бегаю», — усміхаецца ён.
Ходзіць ён з кіёчкам. Віталь дадае, што ў яго баліць правае плячо, яно слаба рухаецца. Але ўколы палягчаюць стан.
«Плячо недзе заціснута. Мне сцягвалі нервы, калі рэзалі, і дзесьці зацягнулі правы бок. Яно баліць не ўвесь час, толькі калі рухаюся. Руку падымаць магу, але невысока. Рабіць нешта фізічна магу, але толькі ў пэўнай пазіцыі. Як толькі троху вышэй ці ніжэй — баліць», — тлумачыць суразмоўца.
Віталь кажа, што яму можна было б зрабіць яшчэ адну аперацыю на хрыбетніку, каб ён лепш сябе адчуваў і рухаўся. Але, паводле ягоных слоў, яна не абавязковая. І ён вырашыў не рызыкаваць, бо гэта складаная аперацыя, і невядома, як яна можа скончыцца. Да таго ж аперацыя дарагая. Суразмоўца кажа, што яна каштуе амаль не менш, чым папярэдняя. Яшчэ адна складанасць — знайсці доктара, які б пагадзіўся зрабіць такую аперацыю. Польскія дактары адмаўляюцца, кажа Віталь, як і тры гады таму.
Жыве на лецішчы
Віталь разам са сваёй партнёркай Наталляй пераехаў на лецішча ў Шчэціне. Жыць там можна толькі з дазволу старшыні таварыства. Пакуль гэты дазвол у іх ёсць. Кошт пражывання за год — каля 700 еўра. Здымаць кватэру ім цяпер дорага.
«За кватэру плаціць тры тысячы злотых за месяц (700 еўра), а тут тры тысячы на год», — кажа суразмоўца.
Плошча іхняга дамка — 25 квадратных метраў. Частку памяшкання ён дабудаваў сам. Расказвае, што сам праводзіў ваду, капаў зямлю, пракладаў трубы, сам склаў печку, якой ацяпляюць жыллё. На іхнім лецішчы ёсць надзел тры соткі. На зямлі Віталь займаецца фермерствам.
«Як беларус, бульбу вырошчваю. Агуркі, памідоры, маліну, дурніцы», — расказвае ён пра свой агарод.
Бульбу вырошчваць на гэтай зямлі нельга, дадае суразмоўца. Таму ён прыдумаў пасадзіць гародніну ў мяшкі з зямлёй і так вырошчвае беларускі нацыянальны прадукт. Суразмоўца кажа, што гародніны ім цяпер стае, не трэба набываць агуркі, памідоры ў краме.
Узімку Віталь з Наталляй ездзілі ў Францыю ў госці да сяброў, дадае суразмоўца.
На працу, кажа Віталь, яго не бяруць. Каб падзарабіць, ён рамантуе дома ноўтбукі.
«Там, дзе я магу (фізічна) працаваць, там патрэбнае польскае грамадзянства. Там, куды мяне бяруць, я не магу працаваць фізічна. Таксама працадаўцы не хочуць мяне браць, бо мне патрэбна плаціць іншую страхоўку, што выходзіць даражэй. У чорную працаваць я таксама не магу — тады ў мяне няма (медыцынскай) страхоўкі. Мне трэба калоць дарагія ўколы раз на месяц», — тлумачыць суразмоўца.
Няма польскай пенсіі
Польскую пенсію Тысеву не хочуць плаціць, кажа ён, бо беларускі бок не пацвярджае ягоны працоўны стаж. Віталь аспрэчваў гэтае рашэнне ў судзе. Суд першай інстанцыі стаў на ягоны бок. Але пасля польская кампанія медыцынскага страхавання (ZUS) усё адно адмовілася плаціць яму пенсію, Віталь падаў апеляцыю на гэтае рашэнне. Калі адбудзецца новае судовае пасяджэнне, яшчэ невядома.
«Можа, яшчэ два або тры гады. Тут жа ў Польшчы ўсё няхутка. Тры гады мы чакалі суда першай інстанцыі», — кажа Віталь.
Цяпер Віталь мае часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы. У наступным годзе ён будзе падаваць дакументы на пастаянны дазвол на жыхарства. Спадзяецца, што, магчыма, гэты статус дапаможа яму атрымліваць пенсію.
Віталь атрымлівае дапамогу з прычыны інваліднасці — каля 280 еўра. У яго другая група паводле беларускай класіфікацыі, або «ўмераная» паводле польскай. Пенсія з прычыны інваліднасці, якую яму не хочуць плаціць, складае не нашмат больш — каля 400 еўра.
Аднак беларус заўважае, што тады ён меў бы права на дадатковыя праграмы розных фондаў, якія дапамагаюць людзям з інваліднасцю, у тым ліку з працай. Цяпер туды яго не бяруць.