Беларусы пачалі атрымліваць поштай дзіўныя рэлігійныя газеты
Масава раскладваць іх па паштовых скрынях пачалі ў сталічным мікрараёне Усход. Газета называецца «Жывое слова» і прыехала ажно з Расіі, піша Blizko.by.
У ёй восем старонак фармату А3, і ўсе матэрыялы так ці інакш звязаныя з рэлігіяй і верай, а таксама багата насычаныя цытатамі з Бібліі. Нават у парадах, як весці здаровы лад жыцця летам, разам з рэкамендацыямі больш рухацца, піць ваду і адмовіцца ад шкодных звычак аўтары заклікаюць маліцца, бо «Бог гатовы дапамагчы імунітэту ў барацьбе з вірусамі і бактэрыямі».
Выходных звестак у газеты практычна няма. Не пазначана, хто з'яўляецца яе заснавальнікам, хто выдае газету, хто галоўны рэдактар, дзе знаходзіцца рэдакцыя, які наклад і дзе яна надрукаваная. Для сувязі пазначаныя толькі нумар тэлефона і абаненцкія паштовыя скрыні ў Маскве і Краснадары.
Тут жа ёсць адрас сайта, які вядзе на старонку «Хрысціянскай царквы адвентыстаў сёмага дня рэфармацыйнага руху». На самім сайце таксама пазначаныя толькі нумары тэлефонаў. Напісана, што набажэнствы праходзяць кожную суботу ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу і Краснадары, але ніякіх адрасоў не ўказана. Відаць, каб прыйсці на службу, спачатку трэба даведацца яе адрас, патэлефанаваўшы па пазначаных нумарах.
На старонцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама ёсць зводны пералік зарэгістраваных рэлігійных арганізацый на тэрыторыі Мінска. Там пералічаныя 6 рэлігійных супольнасцяў Царквы хрысціян адвентыстаў сёмага дня. На сайце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адзначана, што ўсяго ў Беларусі налічваецца 73 хрысціянскія супольнасці адвентыстаў сёмага дня.
Пра якую-небудзь сувязь беларускіх супольнасцяў з расійскімі супольнасцямі, якая выдае газету, нічога не вядома.