Адважны кот кінуў смелы выклік лісе — выпадак у Гродне
Паядынак трапіў на відэа.
Лісы ў Гродне заходзяць пастаянна. Іх сустракаюць і ў цэнтры горада, і ў раёнах прыватнай забудовы (там яны палююць на курэй), але, як высветлілася, не ўсе рады іх з’яўленню. Вось і на вуліцы Калюжна адважны хатні кот паспрабаваў прагнаць лясную госцю ад жылля, паведамляе Newgrodno.by.
Паядынак трапіў на відэа. Розніца ў памерах прыкметная няўзброеным вокам, але ката гэта зусім не спалохала. Стаўшы ў баявую стойку, ён наблізіўся да лісы і нават прымусіў яе адступіць.
А далей усё было ў стылі баксёрскіх паядынкаў. Спачатку — бітва позіркаў, калі супернікі спрабуюць зламаць волю адзін аднаго. Затым — серыя выпадкаў і атак.
Праўда, безвыніковых, усё ж абодва — дастаткова спрытныя жывёлы. Неўзабаве, зрэшты, кот быў вымушаны адысці на стратэгічна больш выгадную пазіцыю. Ён залез на дрэва. Ліса таксама пакінула поле бою і ўцякла ў лес.
Кот сур’ёзна рызыкаваў. У Гродне ўжо некалькі разоў фіксаваліся выпадкі, калі лісы ўспрымалі катоў як даступную ежу.