БЕЛ Ł РУС

У Белавежскай пушчы знайшлі мох, які больш за 100 гадоў лічылі зніклым

21.08.2026 / 16:03

Nashaniva.com

Падчас мэтанакіраваных палявых даследаванняў у Белавежскай пушчы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аляксей Астрэлін знайшоў унікальны рэліктавы мох — антытрыхію павіслую (Antitrichia curtipendula), паведамляе прэс-служба Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Для тэрыторыі сучаснай Беларусі гэта фактычна першая пацверджаная рэгістрацыя гэтага віду. У навуковых архівах захаваліся толькі дзве згадкі пра яго, датаваныя канцом XIX — пачаткам XX стагоддзя. Першае паходзіць з даследаванняў Францішка Ксаверыя Блонскага, Антонія Эйсманда і Карла-Фрэдэрыка Дрымера 1888 года, другое — з працы Флейшэра 1919 года.

Францішак Ксаверый Блонскі тады адзначаў, што знайшоў гэты мох «адзін-адзіны раз на ссечаным дубе ў Гайнаўскай варце каля ручая Лютоўня». Аднак сёння тэрыторыя гэтай варты цалкам знаходзіцца ў польскай частцы Белавежскай пушчы. Пасля 1919 года мох у рэгіёне больш не фіксавалі.

Праз больш чым стагоддзе забыцця новае месца росту рэдкага віду таксама знайшлі на дубе — у тэрмафільнай дуброве на тэрыторыі былога зубраводчага гадавальніка.

Асаблівую навуковую і практычную цікавасць мае тое, што мох пасяліўся на паваленым ствале дуба, які ўпаў не менш за 20 гадоў таму. Драўніна ўжо знаходзіцца на глыбокай стадыі раскладання. Менавіта яна стварыла спецыфічныя фізіка-хімічныя ўмовы і стабільны мікраклімат, неабходныя для існавання гэтага вельмі патрабавальнага віду.

Знаходка наглядна паказвае важную ролю буйной мёртвай драўніны ў лясных экасістэмах. Выдаленне такіх паваленых дрэў можа прыводзіць да незваротнага збяднення біяразнастайнасці, паколькі яны служаць асяроддзем для рэдкіх і спецыялізаваных відаў арганізмаў.

Чытайце таксама:

У Белавежскай пушчы знайшлі грыб, які не сустракаецца больш нідзе ў Еўропе

Лукашэнка расказаў, як выратаваў Белавежскую пушчу ад караеда, не зважаючы на навукоўцаў

У Белавежскай пушчы знайшлі загадкавы грыб-паразіт

У Белавежскай пушчы будуць рабіць канцэртную пляцоўку

Каментары да артыкула