БЕЛ Ł РУС

Навумчык паразважаў, як разгортвалася б гісторыя, калі б Кебіч перамог у 1994‑м

21.08.2026 / 16:46

Nashaniva.com

Летась на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Празе ў мяне запыталіся: а калі б у 1994‑м перамог не Лукашэнка, а Кебіч — ці было б лепш? Пытанні такога кшталту патрабуюць грунтоўных адказаў. Але калі коратка — так, лепш, піша ў фэйсбуку журналіст і «дэпутат Незалежнасці» Сяргей Навумчык.

Крайнія злева — Аляксандр Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч

Нават карумпаванае атачэнне Кебіча было куды менш небяспечным для Незалежнасці і дэмакратыі, чым тая шваль з маладых і не вельмі маладых «ваўкоў», якія прыйшлі з Лукашэнкам.

Найхутчэй, Кебіч працягваў бы тое, што ён пачаў у 1993‑м далучэннем Беларусі да АДКБ і падпісаннем сумнеўных дамоў з Масквой. Але нацыянальнае Адраджэнне не было б гвалтоўна спыненае, яно б ішло, хай і не ў зручных умовах (нагадаю, што ў 1993‑м 80% першакласнікаў пайшлі ў беларускія класы не таму, што гэтага вельмі хацеў Кебіч, а таму, што мы патрабавалі выканання Закона аб мовах. А Лукашэнка пачаў з закрыцця беларускіх школ).

Адназначна, Кебіч не стаў бы пазбаўляць беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай, не скасоўваў «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг у якасці дзяржаўных сімвалаў, абсалютна выключана, што ён даў бы загад збіваць дэпутатаў БНФ у залі парламента.

Вялікай дэмакратыі не было б, але ў 1995‑м БНФ адназначна меў бы фракцыю ў ВС (хаця б 20‑30 дэпутатаў, як і ў ВС-12). Не было б шальмавання па БТ Васіля Быкава і, як вынік, ягонай фактычнай эміграцыі. Не было б забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, у гэтым я не сумняюся (кажу пра адзін 5‑гадовы электаральны тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў — (1994-1999) — Завадскага забілі ў 2000-м).

Думаю, мы б мелі 5 гадоў на нацыянальнае развіццё (з вялікімі нашымі высілкамі, натуральна).

Пры гэтым я ані ў якім разе не здымаю віны Кебіча за тое, што адбылося ў 1994‑м (не адказнасці — адказнасць у той ці іншай ступені нясе кожны палітык ці грамадскі дзеяч, і нават звычайны выбаршчык, а вось віну нясе той, хто мае ўладу).

Кебіч наўрад ці пайшоў бы на другі тэрмін. А вось хто б перамог у 1999-м, і што было б пасля — прадказаць не бяруся.

Чытайце таксама:

Пётра Садоўскі — чалавек, які спазнаў «гістарычнае шчасце»

Тры версіі аднаго правалу: як на парламенцкіх выбарах у 1995‑м сутыкнуліся Пазняк і Мацкевіч

«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было

«Не знайшлося лідара, здольнага гэта зрабіць». Лябедзька расказаў, калі прайграла дэмакратыя ў Беларусі і пры чым тут Пазняк

Беларускія 1990-я: згадваем герояў эпохі

Каментары да артыкула