У Мінску п'яная школьніца пашкодзіла ўваходныя дзверы ў будынак
У Мінску 17‑гадовая школьніца ў стане моцнага алкагольнага ап’янення пашкодзіла ўваходныя дзверы ў будынак. Цяпер ёй вынеслі прысуд, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Фота ілюстрацыйнае
Дзяўчына не прыйшла начаваць дадому, а разам з сяброўкай пайшла ў госці да знаёмых, з якімі яны напярэдадні пазнаёміліся ў інтэрнэце. Пазней маці школьніцы патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што яе дачка ўчыніла хуліганства. Праз моцнае алкагольнае ап’яненне дзяўчыну даставілі ў таксікалагічнае аддзяленне бальніцы.
Паводле запісаў камер відэаназірання, позна ўначы школьніца не менш за 28 разоў ударыла рукамі і нагамі па ўваходных дзвярах будынка на вуліцы Ігара Лучанка. Акрамя таго, яна выкарыстоўвала для гэтага кавалак тратуарнай пліткі. У выніку дзверы былі пашкоджаныя, а ўладальніку будынка нанеслі шкоду на 553,93 рубля.
У дачыненні да дзяўчыны завялі крымінальную справу. У судзе яна цалкам прызнала віну і раскаялася ў зробленым. Бацькі школьніцы кампенсавалі нанесеную шкоду.
Дзяўчына раней не мела судзімасцяў і да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася, але ўжо трапляла ў поле зроку міліцыі праз распіццё алкаголю.
Суд прызнаў яе вінаватай у хуліганстве. З улікам непаўналетняга ўзросту замест пакарання да школьніцы прымянілі выхаваўчую меру: на тры месяцы ёй абмежавалі свабоду правядзення вольнага часу. У гэты перыяд ёй забаронена знаходзіцца па-за домам з 21:00 да 6:00.
Чытайце таксама:
У Івацэвіцкім раёне мужчына дзеля забавы абстраляў з пнеўматыкі раварыста
У Мінску п'яны пасажыр напаў на таксіста, бо той не размаўляў з ім падчас паездкі
Падлеткі зладзілі флэт, пакуль бацькоў не было дома — скончылася крыміналкай