Упала 488 дрэваў, пашкоджана 15 аўтамабіляў — наступствы ўчорашняй стыхіі
Выратавальнікі ліквідуюць наступствы непагадзі.
У выніку моцнага ветру з парывамі да 24 м/с, які прайшоў 22 жніўня, у Гродзенскай вобласці пашкоджаныя дахі 1 жылога дома, 8 сельскагаспадарчых і 2 адміністрацыйных будынкаў, у Мінскай вобласці — 1 жылога дома і 2 сельскагаспадарчых будынкаў, паведамляе МНС.
У выніку падзення дрэў у Мінскай вобласці траўмаваныя двое дзяцей.
Каля Нясвіжа пацярпеў 12‑гадовы хлопчык, ён шпіталізаваны.
Каля в. Маркаўшчына Мінскага раёна пацярпеў дзесяцігадовы хлопчык. Пасля аказання медыцынскай дапамогі ва ўстанове аховы здароўя ён накіраваны на амбулаторнае лячэнне.
Зафіксавана 488 выпадкаў падзення дрэў: у Брэсцкай (27), Віцебскай (59), Гродзенскай (134), Мінскай (233), Магілёўскай (8) абласцях і ў Мінску (27).
Дрэвамі пашкоджаныя 15 легкавых аўтамабіляў: у Брэсцкай (2), Гродзенскай (3), Віцебскай (4), Мінскай (4) абласцях і ў Мінску (2). Супрацоўнікі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы па распілоўванні і ўборцы паваленых дрэў.
Праз непагадзь перыядычна парушалася электразабеспячэнне. Адключэнні аператыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі.