На востраве ў Балтыйскім моры знайшлі ліст ад беларуса з 1970-х. Хто гэты чалавек?
Адпраўніком аказаўся ўраджэнец Бабруйска.
На востраве Насыпным у Калінінградскім заліве адпачывальнікі знайшлі старую бутэльку з пасланнем ажно з 1970‑х гадоў. Адпраўнікам аказаўся беларус, ураджэнец Бабруйска, піша Onliner.by.
Фатаграфіямі бутэлькі і ліста падзяліліся чытачы навінавага канала «Мінск. Галоўнае!».
Аркуш паперы з часам часткова намок, але асноўны тэкст можна прачытаць. Аўтар па імені Васіль Платонаў прадстаўляецца сяржантам тэрміновай службы. Малады чалавек перадае прывітанне нашчадкам, наракае на армейскія будні і разважае пра тое, што нават не можа ўявіць, «якім будзе сяржант у 2000 годзе, якім будзе яго ўнутраны свет».
У канцы Васіль просіць адказаць яму, «калі ён будзе жывы», і пакідае свой хатні адрас.
Жылы дом з гэтымі данымі сапраўды дагэтуль існуе ў Бабруйску.
Знаходка ўскалыхнула сацыяльныя сеткі: менш чым за суткі галіна абмеркавання, у якой усе чакалі новых вестак ад Васіля праз паўстагоддзя, набрала амаль 300 тысяч праглядаў. У ёй паспелі адзначыцца і суседзі па доме, і дзеці знаёмых па лецішчы бабруйчаніна, аднак ніхто не паведамляў падрабязнасцяў пра лёс мужчыны.
Як удалося высветліць журналісту Onliner, той самы Васіль Платонаў — бацька вядомага беларускага гульца ў настольны тэніс Паўла Платонава.
Журналісты звязаліся са спартсменам, і ён пацвердзіў, што ведае пра гісторыю з бацькавай «капсулай часу». Мужчына сапраўды пакінуў ліст у бутэльцы падчас службы ў Балтыйскім флоце СССР у 1977 годзе.
Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў родны Бабруйск, дзе і жыве дагэтуль. На жаль, угаварыць Васіля Пятровіча асабіста пагутарыць і расказаць пра абставіны адпраўкі свайго паслання не ўдалося нават пасля некалькіх спроб.
— Ён проста вельмі сціплы. І кажа, што пакуль сам не разумее, як ставіцца да таго, што адбываецца. Але прывітанне «ад нашчадкаў» я абавязкова перадам, — смяецца Павел.