БЕЛ Ł РУС

«Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога, каб вы выстаялі». Статкевіч павіншаваў украінцаў з Днём незалежнасці

24.08.2026 / 08:34

Nashaniva.com

Экс-палітвязень і палітык у сваім тэлеграм-канале павіншаваў Украіну і ўкраінцаў з Днём незалежнасці. «Ваша мужнасць і стойкасць ў абароне незалежнасці і свабоды сваёй краіны выклікаюць павагу ды захапленне ўсяго свету», — піша ён. І просіць прабачэння за 2022-і.

Мікалай Статкевіч. Фота з сацыяльных сетак

«Мае шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці годнаму і мужнаму ўкраінскаму народу!

Зараз за незалежнасць вам прыходзіцца весьці крывавую і няроўную вайну, за час якой загінулі многія тысячы з вас, у якой пад пастаяннай пагрозай смерці знаходзяцца не толькі вашы ваяры на фронце, але і мірныя грамадзяне — дзеці, жанчыны, старыя ў кожным рэгіёне Украіны.

Ваша мужнасць і стойкасць ў абароне незалежнасці і свабоды сваёй краіны выклікаюць павагу ды захапленне ўсяго свету. Асабліва — у суседніх з вамі народаў, якія разумеюць, што, у выпадку вашай паразы, наступнымі аб'ектамі агрэсіі Масквы стануць ужо іх краіны. Менавіта таму шмат патрыётаў з гэтых краін прыехала ва Украіну, каб змагацца супраць агрэсара поруч з вамі.

Мне вельмі сорамна, што Беларусь была выкарыстана агрэсарам як плацдарм для спробы хуткага захопу вашай сталіцы. Я ўпэўнены, што без разліку на гэты захоп і хуткую перамогу, агрэсар ўвогуле не пайшоў бы на сваю крывавую авантуру.

На жаль, знясіленае доўгім супрацівам дыктатуры, зняволеннем многіх тысяч патрыётаў і наўмысным прымушэннем перад вайной да эміграцыі сотняў тысяч праціўнікаў рэжыму, беларускае грамадства не здолела перашкодзіць выкарыстанню нашай зямлі для агрэсіі супраць найбольш блізкага нам народа. Даруйце, сябры!

У гэты святочны для вас дзень зычу вам сілаў выстаяць і захаваць сваю цудоўную краіну! Дзеля сябе і дзеля ўсіх народаў, якія прагнуць волі.

Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога пра гэта. Маё сэрца з вамі. Трымайцеся, друзі!» — напісаў ён.

Чытайце таксама:

Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём Незалежнасці

Каментары да артыкула