Payoneer закрывае акаўнты беларусаў
Плацежная сістэма Payoneer у верасні перастане абслугоўваць рахункі кліентаў з Беларусі. Беларусы пачалі атрымліваць адпаведныя паведамленні ад кампаніі, піша Office Life.
Раней паведамлялася, што Payoneer з 1 верасня больш не будзе адпраўляць пераводы на рахункі банкаў Беларусі. Пра гэта папярэджвалі кампаніі, якія працуюць з сэрвісам. Яшчэ ў лістападзе 2025 года плацежная сістэма паведаміла, што больш не падтрымлівае плацяжы ў доларах у нашу краіну, пры гэтым пераводы на рахункі ў еўра працягвалі працаваць.
Цяпер жа сэрвіс папярэдзіў, што зусім не зможа абслугоўваць рахункі Payoneer кліентаў з Беларусі. Гэта звязана са зменамі з боку яго банкаўскіх партнёраў.
Што тычыцца тэрмінаў, напрыклад, адзін з чытачоў Office Life атрымаў наступнае паведамленне:
«Ваш акаўнт Payoneer будзе закрыты 11 верасня 2026 года. Пасля гэтай даты вы не зможаце атрымаць доступ да свайго акаўнта або сродкаў, якія там засталіся. Выведзіце ўсе сродкі з усіх балансаў вашага акаўнта да 10 верасня 2026 года. Гэта тычыцца сродкаў ва ўсіх валютах».
Прадстаўнікі Payoneer таксама раяць кліентам не адкладаць вывад сродкаў на апошні дзень, бо «банкаўскія плацяжы патрабуюць часу на апрацоўку, і любая затрымка бліжэй да крайняга тэрміну можа прывесці да таго, што вашы сродкі застануцца недаступнымі».
З лютага 2022 года з плацежнай сістэмай Payoneer працуюць не ўсе беларускія банкі: кліенты банкаў, якія трапілі пад заходнія санкцыі, выводзіць грошы не могуць. Акрамя таго, у беларусаў узнікалі складанасці са стварэннем новых акаўнтаў.