Трагедыя ў Барысаўскай бальніцы: унучка пацыента кажа, што на яго звярнулі ўвагу праз шэсць гадзін, калі ўжо пена пайшла з рота — ён памёр
У прыёмным аддзяленні бальніцы №2 Барысаўскай ЦРБ адбылася трагедыя праз адсутнасць своечасовай медыцынскай дапамогі, сцвярджае ўнучка памерлага пацыента.
Дзяўчына паведаміла ў сацсетках, што яе дзеда Уладзіміра Ткачова даставілі ў прыёмны пакой каля 9 ранку. Каля 11‑12 гадзін яго паглядзеў доктар і паставілі кропельніцу. Больш да яго доктар не падыходзіў, нягледзячы на скаргі на здранцвенне рукі і задышку. Яны чакалі дапамогу яшчэ шэсць гадзін.
«Мы чакалі 6 гадзін. У 18:40 у яго пачалася пена з рота. Толькі тады яго забрала рэанімацыя. 6 гадзін без дапамогі! Гэта халатнасць, якая каштуе жыцця. Чаму пажылы чалавек з сімптомамі інсульту / інфаркту 6 гадзін ляжыць без доктара?!» — абуралася дзяўчына.
Пазней яна напісала: «Дзядуля памёр».
Дзяўчына звярнулася да Мінздароўя з патрабаваннем правесці праверку.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Ірына Лобах «Мінскім навінам» пацвердзіла выпадак і паведаміла пра пачатак разбіральніцтва:
«Пра сітуацыю нам вядома. Прынята рашэнне аб стварэнні камісіі галоўнага ўпраўлення для высвятлення ўсіх абставін здарэння. Па гэтым факце праводзіцца службовая праверка. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі», — сказала яна.