Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды — 2026»
Абвешчаныя лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды» за 2026 год. Яе ўручаюць выдатным прадстаўнікам беларускай праваабарончай, літаратурнай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце ад 65 гадоў, піша «Радыё Свабода».
Сёлета ўзнагароды атрымалі мастачка і паэтка Наталля Бордак (Наталка Хвоя), фалькларыст і грамадскі дзеяч Алесь Лозка, рэдактар «Рэгіянальнай газеты» і былы палітвязень Аляксандр Манцэвіч, педагог і аўтарка адукацыйных методык Соф’я Савелава, гісторык і рэдактар Аляксандр Смалянчук, а таксама журналістка і праваабаронца Тамара Шчапёткіна.
Імёны яшчэ трох лаўрэатаў пакуль не раскрываюцца. Умовамі прэміі прадугледжана магчымасць не называць іх публічна.
Праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі павіншаваў сёлетніх пераможцаў і адзначыў іх вялікі ўклад у тое, каб голас беларусаў быў чутны ў свеце. Ён таксама пажадаў ім здароўя і новых творчых поспехаў.
Прэмія «Голас пакалення свабоды» была заснаваная ў 2025 годзе Беларускім ПЭНам супольна з праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». У 2026 годзе да партнёраў далучыўся Фонд Алеся Бяляцкага.
Узнагарода прызначаная для беларусаў ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз пераслед і працягваюць сваю дзейнасць у эміграцыі ў Польшчы, Літве або Чэхіі. Лаўрэаты атрымліваюць фінансавую прэмію на некалькі тысяч еўра, а іх гісторыі публікуюцца ў адмысловым зборніку.
Прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды — 2026» адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці.
Чытайце таксама:
«Нікуды я ад яе не магу збегчы». Гісторыя сяброўства Марфы Рабковай і Насты Лойкі