БЕЛ Ł РУС

SCALP. Што вядома пра ракеты, тэхналогіі вытворчасці якіх Украіне перадаюць Брытанія і Францыя

24.08.2026 / 22:36

Nashaniva.com

Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бёрнэм, які ў Дзень незалежнасці прыехаў з візітам ва Украіну, прывёз важныя навіны ў сферы ракетнага ўзбраення. Брытанскі ўрад дазволіў абароннай кампаніі MBDA рассакрэціць інфармацыю пра брытанскія кампаненты дальнабойных ракет SCALP, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Фота: Getty Image

SCALP — французская версія брытанскай Storm Shadow. Абедзве ракеты распрацоўвалі з выкарыстаннем супольных брытанскіх і французскіх тэхналогій. Перадача гэтых даных мусіць дапамагчы Францыі і Украіне прасунуцца ў стварэнні вытворчасці SCALP непасрэдна ва Украіне.

Як зазначае офіс брытанскага прэм'ера, гэта крок працягвае палітыку Лондана, які яшчэ ў 2023 годзе першым перадаў Украіне дальнабойную ўдарную зброю для абароны. Цяпер жа гаворка вядзецца не толькі пра пастаўкі гатовых ракет. Украіна мусіць атрымаць магчымасць вырабляць іх часткова або цалкам на ўласнай тэрыторыі.

Рассакрэчванне інфармацыі пра брытанскія кампаненты мае дапамагчы французскаму і ўкраінскаму боку прасунуцца ў стварэнні мясцовых вытворчых ліній.

Гэта таксама частка шырэйшых намаганняў Вялікабрытаніі па хутчэйшай распрацоўцы сучасных і адносна недарагіх дальнабойных сродкаў паразы для Украіны ў межах праекта Brakestop.

Вытворчасць дальнабойных ракет непасрэдна ва Украіне ў перспектыве можа зменшыць залежнасць Кіева ад гатовых боепрыпасаў з-за мяжы і дазволіць хутчэй павялічваць іх колькасць.

Расія вуснамі прэс-сакратара Крамля ўжо асудзіла такі крок Вялікабрытаніі.

Ракета Storm Shadow/SCALP на выставе ў Брытаніі, 2018 год. Фота: Getty Images

Што вядома пра ракеты

Дальнабойная ракета SCALP важыць 1300 кг і мае даўжыню 5,10 м.

Яна здатная патрапляць у цэлі на адлегласці каля 240 км углыб Расіі — гэта не такая вялікая далёкасць, як ва ўкраінскіх дронаў, здатных наносіць удары па глыбокім тыле, але гэта важны крок, які дэманструе гатоўнасць міжнародных партнёраў дзяліцца тэхналогіямі ўзбраенняў.

Вытворца адзначае, што ракеты прызначаныя для знішчэння загадзя вызначаных нерухомых цэляў.

Іх можна прымяняць удзень і ўначы пры любых умовах надвор'я, а таксама яны абсталяваныя сучаснымі навігацыйнымі сістэмамі.

Як паведамляе выданне Missilery, канструкцыя ракеты SCALP прадугледжвае зніжэнне яе радыёлакацыйнай прыкметнасці, то-бок яе складаней зафіксаваць наземным радарам праціўніка. Хуткасць ракеты дасягае 1500 км/г.

Як іх выкарыстоўваюць Паветраныя сілы Украіны

У маі 2023 года Вялікабрытанія абвясціла пра перадачу ракет Storm Shadow Украіне. У ліпені таго ж года Францыя заявіла, што дасць Украіне ракеты SCALP.

Вядома, што дадзеныя Вялікабрытаніяй ракеты можна запускаць з вайсковых самалётаў, а дадзеныя Францыяй — таксама з караблёў і падводных лодак.

Ва Украіне гэтыя ракеты навучыліся запускаць са старых савецкіх бамбавікоў Су-24М. Паветраныя сілы дзякуючы гэтым ракетам наносяць удары па многіх раёнах тэрыторыі Расіі і акупаваных тэрыторыях.

«Ніхто не думаў, што самалёт Су-24 стане магутным ракетаносцам і асвоіць «штормы» і «скальпы», выконваючы агнявыя задачы на добрую глыбіню праціўніка», — заявіў 22 жніўня камандуючы авіяцыяй Паветраных сіл Аляксандр Дзякаў.

Су-24 Паветраных сіл Украіны з ракетай Storm Shadow/SCALP. Фота: Паветраныя сілы

Крылатыя ракеты Storm Shadow распрацаваныя еўрапейскай мультынацыянальнай кампаніяй MBDA у 1990‑х гадах і прынятыя на ўзбраенне брытанскай, французскай і іншых армій на пачатку 2000‑х гадоў.

«Storm Shadow/SCALP — гэта паветранае ўзбраенне далёкага дзеяння, што мае канвенцыйны характар і створана для глыбокіх удараў пры загадзя спланаваных атаках на значныя стацыянарныя цэлі», — адзначаецца ў апісанні на сайце вытворцы.

«Арыгінальная ракета, якая створаная з актыўным выкарыстаннем тэхналогіі малазаўважнасці, мае далёкасць да 560 км. Агульная вага ракеты SCALP складае 1300 кг, з якіх 450 кг прыпадае на баявую частку», — апісвае ракету ўкраінскае выданне Defense Express.

Вядома, што ад Вялікабрытаніі Украіна павінна была атрымаць экспартны варыянт Storm Shadow з далёкасцю дзеяння каля 250 км. Гэта трохі менш за далёкасць амерыканскіх тактычных ракетных сістэм класа «зямля-зямля» ATACMS для запускаў з HIMARS. Аднак Вашынгтон адмаўляў у іх перадачы праз, як лічыцца, страх эскалацыі ў выніку магчымых удараў па Расіі.

«Для прарыву СПА гэта ракета выкарыстоўвае класічны малавышынны палёт на дагукавой хуткасці. За дакладнасць навядзення адказвае ўвесь набор сучасных сістэм — інерцыяльная і спадарожнікавая сістэма навігацыі, рэжым параўнання эталоннай выявы з наяўнай — DSMAC», — расказвае пра яе характарыстыкі Defense Express.

Чытайце таксама:

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?

Макрон паабяцаў даць Украіне ліцэнзію на выраб французскіх ракет

УСУ ўдарылі ракетамі ATACMS і SCALP па Данецкім аэрапорце

Што вядома пра крылатую ракету «Фламінга». Ці дастане яна да Масквы і вытворчасцяў шахедаў?

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт

Каментары да артыкула