Канапацкая назвала Пуціна, Зяленскага і Пашыняна злоснымі — «бо недамеркі»
А вось ад Лукашэнкі, Аліева і «амаль двухметровага Трампа» яна ў захапленні.
Свой допіс пра рост палітыкаў Ганна Канапацкая праілюстравала гэтым здымкам. Фота: anna.kanopatskaya / Facebook
Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Ганна Канапацкая апублікавала пост, у якім звязала рост палітыкаў з іх паводзінамі на міжнароднай арэне.
«Вось тлумачце мне як жанчыне. Чаму мужчыны-недамеркі ў палітыцы такія злосна непрымірымыя?
Возьмем суседзяў па былым СССР: Пуцін, Зяленскі, Пашынян.
Ну адзін за другога ж карацейшы, хоць табурэтачку пад кожнага падстаўляй, а нянавісці і разбуральнага патэнцыялу для сваіх народаў — на дзесяцёх мужыкоў ростам з Аліева ці Лукашэнку.
Ды і амаль двухметровы Трамп — разумніца, прыгажун, міратворац!» — не пашкадавала Канапацкая нават Пуціна.
Канапацкая ўдакладняе, што яна «не за гендарна-роставую сегрэгацыю», і яна не тая феміністка, што «ўсіх мужчын хацела б ва ўтыль адправіць».
Але яна не разумее, «чаму такая тэндэнцыя?» «І чаму мы ўсе, асабліва жанчыны ў кіраваных short kings дзяржавах, мусім быць закладнікамі рэцыдываў гіпафізарнага нанізму? Не разумею», — абураецца яна.