Аляксандр Рыбак паказаў сваю дзяўчыну. Здаецца, усё сур'ёзна
Абранніцай пераможцы «Еўрабачання-2009» стала оперная спявачка.
Аляксандр Рыбак і Эба Лэёнклу. Скрыншот відэа
Звычайна 40‑гадовы Аляксандр Рыбак не расказвае пра сваё асабістае жыццё. Але нядаўна прызнаўся: яго сэрца ўжо не вольнае.
Яшчэ ў ліпені спявак апублікаваў у інстаграме фота са сваякамі ды блізкімі людзьмі. На здымку Аляксандр адну руку паклаў на плячо прадзюсара Тора Арнэ Рангхуса, а другой пяшчотна абдымае прыгожую дзяўчыну — шведскую оперную спявачку Эбу Лэёнклу.
Яна, дарэчы, і раней з’яўлялася ў яго сацсетках. У дзень нараджэння Эбы артыст вырашыў канчаткова расставіць кропкі над «і» і павіншаваў каханую з 30-годдзем. Ён апублікаваў відэа сумеснага выступлення і падпісаў: «Маёй дарагой дзяўчыне, маёй музычнай партнёрцы і маёй найлепшай сяброўцы сёння споўнілася 30 гадоў. Гіп-гіп-ура для Эбы».
Эба Лэёнклу выступае на вядомых шведскіх сцэнах. Яна атрымала некалькі музычных стыпендый і ўзнагарод для маладых оперных выканаўцаў, у тым ліку падтрымку фонду маладых талентаў Каралеўскай шведскай оперы. З 2024 года Эба ўваходзіць у вакальны ансамбль пры Каралеўскім палацы ў Стакгольме.
Эба Лэёнклу. Фота з яе інстаграма
Сёлета ў спявачкі даволі насычаная праграма: яна выступае на мерапрыемствах, звязаных з 80‑годдзем караля Швецыі Карла XVI Густава, а таксама з залатым вяселлем караля і каралевы.
Аляксандр Рыбак распавёў у інтэрв’ю, што пазнаёміўся з Эбай у інтэрнэце — адбылося гэта каля трох з паловай гадоў таму. Потым яны сустрэліся ў Стакгольме і падчас першага спаткання шмат размаўлялі пра музыку, а яшчэ спявалі разам наўпрост на вуліцы.
Але ж тады, у 2022 годзе, пары прыйшлося жыць у розных краінах — Аляксандр, у асноўным, быў у ЗША, Эба — у Швецыі. Таму адносіны доўгі час былі на адлегласці.
І толькі мінулай восенню, калі Рыбак вярнуўся ў Еўропу, яны канчаткова зразумелі, што хочуць будаваць агульную будучыню. Цяпер пара жыве ў Осла і Стакгольме, таксама ў іх ёсць домік у Інтрэ-Энебаке — улюбёнае месца для жыцця і працы.
З захапленнем Аляксандр і Эба распавядаюць пра тое, якія ў іх фантастычныя любоўныя ды прафесійныя адносіны.
Рыбак жа прызнаецца, што з 2015 года, калі апублікаваў дзіцячую кнігу «Тролі і чароўная фея», марыў пра спакойнае сямейнае жыццё. Абое артыстаў хочуць дзяцей і ўжо мараць, як тыя будуць расці ў доме, напоўненым класічнай музыкай. Вераць, што нашчадкі не будуць перашкаджаць іх творчасці.
Пры гэтым, адказваючы на пытанне журналіста пра шлюб, Аляксандр толькі пасміхнуўся: «Мы не жанатыя».
Чытайце таксама:
Сацсеткі ў шоку, як выглядае Аляксандр Рыбак праз 17 гадоў пасля перамогі на «Еўрабачанні»
Затрымалі дзяўчыну, якая доўгі час сталкерыла Аляксандра Рыбака
«Яна пагражала мне фізічна, нападала сэксуальна». Аляксандр Рыбак скардзіцца на сталкерку
Пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак асцярожна выказаўся пра падзеі ў Беларусі