БЕЛ Ł РУС

Каля Барысавага каменя ў Полацку спілавалі старыя таполі. Цяпер перад Сафійскім саборам пустка

26.08.2026 / 12:49

Ф. Раўбіч

Верхні замак пазбавіўся старых дрэваў, якія прыгожа абрамлялі старажытныя помнікі. Прычынай для зносу дрэваў сталі наступствы нядаўняй непагадзі.

Пляцоўка перад Сафійскім саборам моцна змянілася пасля спілоўвання старых дрэваў. Фота: Facebook / Полацк: мінулае і сучаснасць

Як паведамляе краязнаўчая суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць» у мінулую суботу ў горадзе быў моцны вецер, які зламаў вялікую галіну на адной з таполяў, што размешчаны побач з Барысавым каменем на Верхнім замку. У выніку мясцовыя службы прынялі рашэнне спілаваць не толькі пашкоджанае дрэва, але і суседнюю таполю.

Старыя дрэвы прыгожа абрамлялі помнікі даўніны. Фота: belarus.travel

Старыя таполі каля Барысава каменя. Цяпер іх больш няма. Фота: fotobel.by 

Паводле сведчанняў відавочцаў, другая таполя, якая знаходзілася бліжэй да гістарычнага валуна, не адразу паддалася спілоўванню: падчас валкі ствала не вытрымлівалі і рваліся вяроўкі. Сам Барысаў камень падчас валкі дрэў быў шчыльна загорнуты ў чорную плёнку, якая, відаць, мусіла засцерагаць яго ад магчымых пашкоджанняў, але не зусім ясна, як яна магла б гэта зрабіць. 

Спілоўванне таполі каля Барысава каменя. Фота: Facebook / Полацк: мінулае і сучаснасць

Знікненне дарослых дрэваў істотна змяніла прастору каля Барысава каменя і Сафійскага сабора. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што без дрэў гэтая частка замка візуальна ператварылася ў пустэчу.

Барысаў камень пасля спілавання найбліжэйшых таполяў. Фота: Facebook / Полацк: мінулае і сучаснасць

На фотаздымках таксама можна заўважыць аўтавышку з люлькай, паднятай да ўзроўню карніза заходняга фасада Сафійскага сабора. Магчыма, гэта пачатак адбору ўзораў і фізіка-хімічных даследаванняў фасадаў перад чаканай маштабнай рэстаўрацыяй. 

Як мы паведамлялі раней, на гэтыя працы выдзелена 2,4 мільёна рублёў, а адбор узораў матэрыялаў быў запланаваны якраз на чэрвень—верасень 2026 года. Галоўная інтрыга праекта заключаецца ў магчымым вяртанні храму сапраўднага каляровага аблічча сярэдзіны XVIII стагоддзя: архітэктар-рэстаўратар Раман Забела даводзіць, што цяперашні белы колер з'яўляецца вынікам утылітарных рамонтаў часоў Расійскай імперыі, у той час як арыгінальны барочны фасад меў вохрыстыя адценні з тэракотавымі акцэнтамі. 

Таксама новы праект мог бы прадугледзець больш шырокае раскрыццё і абарону (напрыклад, шклянымі экранамі) унікальнай муроўкі ХІ стагоддзя, якая сёння паказана толькі праз невялікія лакальныя зандажы, што паступова руйнуюцца пад уздзеяннем клімату.

Чытайце таксама:

З лета пачнецца рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. Можа змяніцца і ягоны выгляд

Забудзьце пра «белага лебедзя». Сафійскаму сабору ў Полацку прапануюць вярнуць гістарычны каляровы фасад

Пры раскопках каля Сафіі ў Полацку знайшлі фрагменты сцяны XII стагоддзя

Падчас раскопак у Полацку знайшлі старажытнае графіці і фрагмент галерэі XII стагоддзя

Каментары да артыкула