На борце «Белавія» падчас рэйса з Егіпта памёр пасажыр
Чартарны рэйс «Белавія» В2 8148, які ляцеў з Шарм-эль-Шэйха ў беларускую сталіцу, быў вымушаны змяніць маршрут і зрабіць пасадку ў Турцыі. Прычынай стала рэзкае пагаршэнне здароўя аднаго з пасажыраў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Увечары 24 жніўня, у 23.30, чартарны рэйс «Белавія» В2 8148 Шарм-эль-Шэйх — Мінск здзейсніў пасадку ў аэрапорце Анкары (Турцыя) у сувязі з дрэнным самаадчуваннем пасажыра.
Экіпаж прымаў на борце меры для аказання дапамогі, паведамляе авіякампанія. Бортправаднікі абвясцілі па гучнагаварыцелі пра тое, што патрабуецца дапамога медыцынскіх работнікаў. На заклік адгукнуліся два доктары. Пасажыру была праведзена сардэчна-лёгачная рэанімацыя.
Камандзір паветранага судна прыняў рашэнне пра выкананне экстраннай пасадкі, каб аператыўна перадаць пасажыра медыкам.
Нягледзячы на ўсе прыкладзеныя намаганні, выратаваць жыццё пасажыра не ўдалося.
Пасля выканання неабходных працэдур і дазапраўкі самалёт вылецеў з Анкары ў Мінск у 02.50 25 жніўня і здзейсніў пасадку ў Мінску ў 07.42.