БЕЛ Ł РУС

У Мінску рэстаўруюць найстарэйшы інтэрнат БНТУ на праспекце Незалежнасці

26.08.2026 / 08:40

Nashaniva.com

Зараз ідзе рэканструкцыя найстарэйшага інтэрната БНТУ на праспекце Незалежнасці, 61. Дэмантажныя работы практычна завершаныя, вывезена больш за 1,5 тысячы тон будаўнічых адкідаў, піша Realt.by.

Спецыялісты знялі старую тынкоўку, прыбралі перагародкі, дзвярныя блокі, зношаныя камунікацыі, а таксама часткова разабралі драўляныя і жалезабетонныя перакрыцці. Агульны аб’ём вывезенага будаўнічага смецця перавысіў 1,5 тысячы тон.

Гістарычны фасад будынка вылучаецца багатым дэкорам: яго ўпрыгожваюць пілястры, бельведэр са шпілем, двухсхільны атык са скульптурай, тэматычныя гарэльефы і руставанае абрамленне вокнаў. Падчас рэканструкцыі вонкавыя сцены цалкам ачысцяць, а страчаныя элементы ляпніны адновяць паводле арыгінальных чарцяжоў.

Наступны этап пачнецца ў пачатку верасня — рабочыя ўмацуюць унутраныя канструкцыі будынка і зальюць новыя міжпавярховыя перакрыцці з жалезабетону. Толькі пасля гэтага, ужо ў наступным годзе, яны прыступяць да разборкі гарышча і даху.

Сур’ёзных змен у планіроўцы не будзе: інтэрнат захавае звыклую калідорную сістэму. У ходзе маштабнага абнаўлення тут цалкам заменяць вокны, дзверы і дах, адрамантуюць унутраныя памяшканні, а таксама адновяць гістарычны выгляд галоўнага ўваходу і вестыбюля. Прыкладна праз месяц да аднаўлення старадаўняга фасада плануюць падключыць спецыялістаў «Белрэстаўрацыі».

Пры гэтым унутраную прастору будынка адаптуюць да сучасных стандартаў: жылыя пакоі і калідоры капітальна адрамантуюць, каб стварыць для студэнтаў камфортныя ўмовы пражывання.

Інтэрнат узвялі ў 1954 годзе ў стылі неакласіцызму. Будынак уваходзіць у цэласны архітэктурны ансамбль БНТУ і мае статус гісторыка-культурнай спадчыны, таму ўсе будаўнічыя работы праводзяцца пад строгім навуковым суправаджэннем.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула