Мінгандлю вынесла папярэджанне структуры Мінгарвыканкама за бяздзейнасць і цяганіну
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вынесла папярэджанне Камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама». Прычынай стала ўзгадненне, якое не вырашалася больш за паўтара года.
Фота ілюстрацыйнае
Міністэрства разгледзела зварот грамадскага аб’яднання «Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў» наконт магчымых парушэнняў антыманапольнага заканадаўства пры ўзгадненні выкарыстання праграмнага прадукту «ЖКГ-Упраўленне».
Больш за паўтара года таму ТАА «Брайт Салюшэнз», якое ўваходзіць у гэты саюз, звярнулася ў Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама з просьбай узгадніць выкарыстанне гэтай праграмы ў арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска.
Аднак рашэнне па запыце так і не было прынятае. Пры гэтым сам Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама распрацоўвае канкурэнтны праграмны прадукт — аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «ДомУчет».
Мінгандлю палічыла, што бяздзейнасць установы і зацягванне працэдуры могуць мець прыкметы парушэння антыманапольнага заканадаўства.
У сувязі з гэтым міністэрства запатрабавала спыніць дзеянні, якія могуць парушаць антыманапольныя нормы. На выкананне патрабавання дадзены тэрмін да 12 кастрычніка 2026 года.
Чытайце таксама:
Уводзяць нарматыў беларускіх тавараў у крамах
Міністр купіў сыну ў школу касцюм, кашулю, туфлі і заплечнік — колькі аддаў?