52‑гадовы Аркадзь з Глуска фіктыўна паступіў ва ўніверсітэт у Смаленску. Застаўся без дыплома, але з крыміналкай
На заняткі можна было не хадзіць, а вось банкаўскую картку, куды налічваецца стыпендыя, давялося аддаць каму трэба.
Аркадзь Акуліч
У Расіі 52‑гадовага грамадзяніна Беларусі Аркадзя Акуліча прызналі вінаватым у дачы хабару. Жыхару Глуска прысудзілі штраф памерам прыкладна $2600.
Летам 2021 года да Акуліча звярнуўся яго даўні знаёмы — на той момант прарэктар Смаленскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па навуковай рабоце і вытворчасці. Мужчыны пазнаёміліся гадоў за дзесяць да таго, калі знаёмы працаваў тэхнолагам па вытворчасці піва ў кампаніі «Бахус», і часам стэлефаноўваліся, у тым ліку каб абмеркаваць варэнне піва ў хатніх умовах.
Прарэктар прапанаваў Акулічу паступіць на спецыяльнасць «Тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі». Вышэйшай адукацыі ў беларуса не было — толькі сярэдняя спецыяльная. «Адукацыя лішняй не бывае», — перадаў словы свайго знаёмага Акуліч на допыце. Хадзіць на заняткі, здаваць экзамены і плаціць за навучанне, паводле прарэктара, было не трэба.
Акуліч зрабіў чатыры фотаздымкі 3×4, узяў дыплом і прыехаў у корпус акадэміі, дзе аддаў дакументы супрацоўніцы, да якой яго накіраваў прарэктар. Тая была дацэнткай і намесніцай адказнага сакратара прыёмнай камісіі. Умовы яна назвала адразу: усе налічаныя стыпендыі і выплаты студэнт аддае ёй.
Уступныя выпрабаванні Акулічу забяспечылі — 17 жніўня 2021 года загадам рэктара яго залічылі на першы курс дзённай формы за кошт федэральнага бюджэту. Ён аформіў картку расійскага «Сбербанка» і перадаў яе разам з пін-кодам супрацоўніцы акадэміі. Калі ў 2022‑м тая картку згубіла, Акуліч па яе просьбе перавыпусціў новую і аддаў зноў. Двойчы ён па выкліку прыязджаў у акадэмію і пісаў заявы на матэрыяльную дапамогу.
За паўтара года акадэмія налічыла яму каля $1060 — гэта разам стыпендыя і матэрыяльная дапамога. Усе гэтыя грошы суд палічыў хабарам. На занятках, заліках і экзаменах Акуліч не быў ніводнага разу — станоўчыя адзнакі ў ведамасці выстаўляла яму тая самая супрацоўніца.
На допыце яна растлумачыла, навошта акадэміі патрэбныя былі такія студэнты. Ва ўстанове заставаліся незапатрабаванымі бюджэтныя месцы на «Аграноміі», «Садоўніцтве», «Заатэхніі» і «Тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі», а кантрольныя лічбы прыёму трэба было закрыць на 100%. З 2018 года на гэтыя напрамкі штогод залічвалі фіктыўных студэнтаў. Адзінае, што яны мусілі зрабіць самі, — прыйсці на дзяржаўны экзамен і абарону дыплома.
З пратаколаў праслухоўвання тэлефонных перамоваў вынікае, што ў чэрвені 2021 года Акуліч удакладняў у супрацоўніцы, як бы арганізаваць фіктыўнае паступленне яшчэ і яго сыну, але нешта не склалася.