У Расіі вызваліўся беларускі маньяк, якому прысудзілі больш за 20 гадоў за згвалтаванні
Павел Паўлюкевіч хацеў застацца ў Расіі, але яго адправілі на радзіму — дзе ён таксама ў свой час сядзеў за згвалтаванне.
У кастрычніку 2025 года з калоніі ў расійскім Рославе (Смаленская вобласць) выйшаў на свабоду беларускі злачынец Павел Паўлюкевіч. Ён яшчэ некалькі месяцаў судзіўся за права жыць у Расіі, але ўрэшце яму адмовілі і адправілі ў Беларусь.
У 1990‑я ў Паўлюкевіча былі тры судзімасці ў Беларусі — за хуліганства, пагрозу забойствам жанчыне і згвалтаванне 16‑гадовай дзяўчыны. Агулам ён тады адсядзеў каля сямі гадоў. А пасля разам з жонкай і малым дзіцём паехаў у Расію на заробкі, укладваў плітку.
У 2004‑м яго арыштавалі. «Маскоўскі камсамолец» апісваў два злачынствы Паўлюкевіча. Спачатку ён напаў на 18‑гадовую дзяўчыну, якая позна ўвечары вярталася дадому, згвалтаваў яе і забраў два мабільныя тэлефоны. А неўзабаве прыйшоў у краму каля свайго дома, дзе вісела аб'ява аб пошуку пакоя. Паўлюкевіч прапанаваў маладой прадаўшчыцы жыллё, паклікаў паказаць пакой і згвалтаваў яе.
У фінальным абвінавачванні дадалася яшчэ адна гісторыя — «наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула смерць чалавека».
Першапачаткова Паўлюкевічу прызначылі 22 гады зняволення, з часам яму ўдалося зменшыць тэрмін да 20 гадоў і 10 месяцаў.