БЕЛ Ł РУС

«Забудзьцеся пра X. Птушка вярнулася». З’явіўся новы Twitter

30.08.2026 / 15:06

Nashaniva.com

Былы юрыст Twitter запусціў сацсетку Twitter.now з новым падыходам да мадэрацыі і змагаецца за брэнд з Іланам Маскам.

Былы юрыст кампаніі Twitter Стывен Коўтс запусціў у тэставым рэжыме новую сацыяльную сетку Twitter.now, пра што паведамляе выданне Business Insider. Стартап Operation Bluebird прапануе прынцыпова новую мадэль мадэрацыі кантэнту, дзе замест цэнтралізаваных алгарытмаў узровень непажаданага або несапраўднага матэрыялу ў сваёй стужцы вызначаюць самі карыстальнікі.

Заснавальнікі праекта заяўляюць пра вяртанне легендарнага сімвала сацсеткі і прапануюць карыстальнікам адмовіцца ад сувязі з платформай Ілана Маска: «Забудзьцеся пра ваш X. Птушка вярнулася», — напісаў Стывен Коўтс, анансуючы запуск платформы.

Для мадэрацыі кантэнту Twitter.now выкарыстоўвае сістэму штучнага інтэлекту VERA, якая правярае сцвярджэнні, дадае кантэкст і прысвойвае допісам рэйтынг даверу. У будучыні карыстальнікі змогуць задаваць індывідуальны «парог» гэтага рэйтынгу, каб аўтаматычна адфільтроўваць фэйкі ды абразы.

Кампанія X падала ў суд на стартап за парушэнне правоў на таварны знак, аднак Operation Bluebird сцвярджае, што Маск фактычна адмовіўся ад брэнда «Twitter», назвы «tweet» і лагатыпа з птушкай пасля рэбрэндынгу.

Падчас слуханняў акруговы суддзя Колм Ф.Конэлі адзначыў:

«Я збіраюся зрабіць адну выснову: я не знайшоў, каб X прадставіла пераканаўчыя доказы выкарыстання «tweet» або лагатыпа з птушкай. Але я яшчэ не вызначыўся адносна выкарыстання «Twitter». Гэта тое, у чым мне спатрэбіліся б дадатковыя тлумачэнні».


Зараз Twitter.now працуе ў абмежаваным вэб-рэжыме для некалькіх соцень карыстальнікаў, а ранняя рэгістрацыя і рэзерваванне нікнэйма каштуе 20 долараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула