46‑гадовага айцішніка з Гомеля асудзілі па пяці палітычных артыкулах
Яўген Балтоўскі працаваў кіраўніком каманды інжынераў у міжнародным праекце Mobalytics. Нядаўна стала вядома, што мужчыну схапілі.
Яўген Балтоўскі. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Яўгену Балтоўскаму 46 гадоў. Ён з Гомеля. У 2003‑м скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «электроніка на транспарце, мікрапрацэсары і перадача сігналаў».
У IT-сферы Яўген працаваў больш за дваццаць гадоў: кар'еру ён пачынаў яшчэ ў 2005 годзе распрацоўшчыкам у IBA Group, пазней супрацоўнічаў з кампаніямі XIM, colada ag і Appko (дзе займаўся праектамі для Google). З 2019 года перайшоў у кампанію Mobalytics — кіберспартыўны аналітычны сэрвіс, дзе з ліпеня 2021 года ўзначальваў DevOps-напрамак.
Яўген увесь час жыў і працаваў у Гомелі, захапляўся паруснымі лодкамі і вёў звычайнае жыццё айцішніка на аддаленцы.
Апошняя актыўнасць з яго акаўнта была ў чэрвені 2025 года, пасля чаго мужчына знік — імаверна, неўзабаве яго арыштавалі.
Справу разглядаў Гомельскі абласны суд. Балтоўскага прызналі вінаватым адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130), удзел у «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4), а таксама паклёп і абраза Лукашэнкі (ч. 1 і 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368).
Дакладны тэрмін зняволення невядомы, але Яўгену, меркавана, прысудзілі калонію.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Чытайце таксама:
73‑гадовага афганца асудзілі па дзвюх палітычных крыміналках