БЕЛ Ł РУС

Эйфелева вежа прыпыніла працу пасля просьбы прыбраць жанчын-супрацоўніц падчас візіту рэлігійнай арганізацыі

8.09.2026 / 09:13

Nashaniva.com

Гэта прывяло да скандалу.

Фота: Pierre Crom / Getty Images

Супрацоўніцам Эйфелевай вежы на выходных прапанавалі сысці з поля зроку перад прыходам індуісцкай рэлігійнай дэлегацыі. Гэта прывяло да скандалу. Абураныя не толькі супрацоўнікі помніка, але і палітыкі, піша Бі-бі-сі.

У Францыі ніхто не можа казаць жанчынам, каб яны станавіліся нябачнымі, заявіла старшыня Нацыянальнага сходу.

У суботу парыжскую славутасць наведала група каля 100 чалавек, звязаная з індуісцкай арганізацыяй «Бачасанвасі Акшар Пурушоттам Свамінараян Санстха» (BAPS).

«Калі дэлегацыя праходзіла міма, жанчын папрасілі пакінуць свае працоўныя месцы, каб мужчыны занялі іх месца», — паведаміла Reuters прадстаўніца прафсаюза Дыяна Давуан.

«На выходных напружанасць узмацнілася, таму сёння раніцай супрацоўнікі вырашылі сабрацца: па-першае, каб наладзіць дыялог з кіраўніцтвам, а па-другое, каб гарантаваць, што ў кампаніі больш ніколі так не будуць абыходзіцца з жанчынамі», — сказала яна.

У панядзелак помнік быў закрыты. «Адкрыццё Эйфелевай вежы адкладзенае па вытворчых прычынах», — паведамлялася ў аб’явах унізе.

Супрацоўнікі праводзілі сход з нагоды інцыдэнту, які не толькі выклікаў абурэнне персаналу, але і стаў прычынай крытыкі з боку французскіх палітыкаў.

Давуан паведаміла, што кіраўніцтва прынесла супрацоўнікам прабачэнні, у той час як мэр Парыжа Эмануэль Грэгуар напісаў у X, што разумее абурэнне супрацоўнікаў. Ён паабяцаў правесці расследаванне.

«Трэба як мага хутчэй праліць святло на факты, якія прывялі да гэтай акцыі пратэсту», — заявіў мэр.

Асацыяцыя BAPS, прадстаўнікі якой знаходзіліся ў Францыі ў сувязі з урачыстасцямі з нагоды адкрыцця індуісцкага храма ў прыгарадзе Парыжа, заявіла, што наведванне Эйфелевай вежы было арганізаванае раніцай, каб вялікая дэлегацыя не перашкаджала іншым наведвальнікам.

«Наколькі нам вядома, нікому не перашкаджалі наведваць Эйфелеву вежу. Тым не менш мы прыносім шчырыя прабачэнні за прычыненыя нязручнасці, — гаворыцца ў заяве. — Мы верым ва ўніверсальныя чалавечыя каштоўнасці — узаемную павагу і служэнне людзям».

Старшыня Нацыянальнага сходу Яэль Браўн-Півэ напісала ў X: «Вітаць іншых ніколі не азначае адмаўляцца ад нашых каштоўнасцяў. У Францыі жанчыны ў поўнай меры ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Ніхто не кажа ім, каб яны станавіліся нябачнымі».

Лідарка ўльтраправай палітычнай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Лё Пен заявіла: «У Францыі мы ніколі не прымем таго, каб прысутнасць жанчын была «абмежаваная»».

Кампанія SETE, якая кіруе Эйфелевай вежай, пацвердзіла, што дэлегацыя прасіла арганізаваць візіт такім чынам, каб звесці да мінімуму «кантакты з жанчынамі», паведамляе AFP.

Кампанія заявіла агенцтву, што «такія ўмовы не варта было прымаць», паколькі яны «не адпавядалі ні каштоўнасцям SETE, ні прынцыпам роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі».

«Гэта, безумоўна, непрымальная практыка. Я зноў пацвярджаю прыхільнасць Эйфелевай вежы рэспубліканскім каштоўнасцям і прынцыпу роўнасці мужчын і жанчын», — заявіў кіраўнік SETE Арыэль Вейль.

На сваім сайце BAPS характарызуе сябе як «духоўную супольнасць валанцёраў, якая імкнецца да паляпшэння грамадства» на аснове індуісцкіх каштоўнасцяў. Арганізацыя адкрыла вялікія храмы ў найбуйнейшых гарадах свету, у тым ліку ў Лондане, Лос-Анджэлесе і Сіднэі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула