БЕЛ Ł РУС

У Швецыі затрымалі беларуса — ён фатаграфаваў ахоўныя аб’екты. Там вырабляюць ракеты і боепрыпасы

8.09.2026 / 11:28

Nashaniva.com

Мужчыну, якому каля 30 гадоў, затрымалі каля ўваходу ў прамысловую зону горада Карлскуга. У яго канфіскавалі камеру і камп’ютарную тэхніку.

Беларуса затрымалі 3 верасня. Ахоўнікі заўважылі падазронага і паведамілі пра яго паліцыі. Побач знаходзіўся галоўны ўваход у прамысловую зону Б’ёркборн, дзе працуюць прадпрыемствы абароннай і хімічнай прамысловасці.

Суд узяў беларуса пад варту паводле падазрэння ў незаконным фатаграфаванні ахоўнага аб’екта.

У прамысловай зоне Б’ёркборн размяшчаюцца, сярод іншых, прадпрыемствы Saab Dynamics, Eurenco Bofors і Nammo Sweden. Паводле афіцыйнай інфармацыі пра тэрыторыю, Saab Dynamics распрацоўвае і вырабляе там ракеты і боепрыпасы, Nammo займаецца вытворчасцю боепрыпасаў і іх кампанентаў, а Eurenco Bofors — пораху і выбуховых рэчываў.

Паводле шведскага заканадаўства, статус ахоўнага аб’екта могуць атрымаць важныя для нацыянальнай бяспекі будынкі, прадпрыемствы і тэрыторыі, у тым ліку аб’екты абароннай прамысловасці. За парушэнне пагражае штраф або да года турмы.

Гэта не першы падобны выпадак у Карлскузе. У чэрвені 2024 года каля тэрыторыі Saab затрымалі расіяніна. Яго вінавацілі ў фатаграфаванні некалькіх ахоўных аб’ектаў у розных частках Швецыі — у Стакгольме, Сундсвалі і Карлскузе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула