Навукоўцы выявілі нечаканую прычыну праблем з сэксам у маладых мужчын
Даследчыкі вывучылі больш за 800 мужчын ва ўзросце да 40 гадоў і выявілі фактар, які больш чым у дзесяць разоў павышаў імавернасць праблем у інтымным жыцці. Прычым у групе найбольшай рызыкі апынуліся маладыя і працаздольныя мужчыны.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia
Праблемы з эрэкцыяй прынята звязваць з узростам, хваробамі або псіхалагічнымі цяжкасцямі. Аднак з такімі парушэннямі сутыкаюцца і маладыя мужчыны, і навукоўцы працягваюць высвятляць, што можа стаяць за гэтым.
Новае даследаванне кітайскіх навукоўцаў, на якое звяртае ўвагу Daily Mail, выявіла яшчэ адзін фактар, які можа істотна ўплываць на сэксуальнае здароўе мужчын.
Даследчыкі з Медыцынскай школы Чжэцзянскага ўніверсітэта вывучылі 826 мужчын ад 22 да 40 гадоў, якія працавалі поўны дзень.
Навукоўцы ацэньвалі пяць прычын, якія маглі спрыяць стрэсу на працы: працягласць працы, самастойнасць у прыняцці рашэнняў, падтрымку з боку кіраўніцтва, адносіны з калегамі і ціск, звязаны з атрыманнем павышэння.
Адначасова яны высвятлялі, ці маюць удзельнікі цяжкасці з дасягненнем або падтрыманнем эрэкцыі, а таксама вымяралі ўзровень гармонаў.
І тут выявілася істотная розніца. Сярод мужчын, якія адчувалі найбольшы стрэс на працы, тыя ці іншыя парушэнні эрэктыльнай функцыі мелі каля 54%. У групе з найменшым узроўнем стрэсу — толькі 8%.
Адным з галоўных фактараў аказалася працягласць працоўнага дня. Найбольш стрэсаваная група працавала ў сярэднім 65 гадзін на тыдзень, ці каля 13 гадзін на дзень пры пяцідзённым працоўным тыдні. У групе з найменшым стрэсам гэты паказчык складаў каля 42 гадзін.
У мужчын, якія працавалі найбольш і адчувалі наймацнейшы стрэс, шанцы сутыкнуцца з эрэктыльнай дысфункцыяй былі больш чым у дзесяць разоў вышэйшыя.
Яшчэ больш паказальнай была розніца ў цяжкіх выпадках. Умераную або цяжкую эрэктыльную дысфункцыю выявілі прыкладна ў кожнага пятага мужчыны, які адчуваў найбольшы стрэс на працы. Сярод удзельнікаў з найменшым узроўнем стрэсу — прыкладна ў аднаго са ста.
Паводле аўтараў даследавання, працяглая праца была адным з галоўных фактараў, звязаных з пагаршэннем эрэктыльнай функцыі. А падтрымка з боку кіраўніка, наадварот, мела ахоўны эфект.
Даследаванне выявіла і істотную розніцу ва ўзроўні гармонаў. У мужчын, якія адчувалі найбольшы стрэс на працы, ранішні ўзровень гармону стрэсу картызолу быў прыкладна на 74% вышэйшы, а вось узровень тэстастэрону, наадварот, быў амаль на 40% ніжэйшы ў параўнанні з тымі, хто меў найменшы ўзровень трывогі з-за працы.
Як тлумачаць спецыялісты, працяглы стрэс можа трымаць арганізм у стане пастаяннай гатоўнасці да небяспекі, вядомым як рэжым «бі або ўцякай». Лічыцца, што ў такіх умовах арганізм у першую чаргу падтрымлівае функцыі, неабходныя для выжывання, у той час як рэпрадуктыўная і сэксуальная функцыі адыходзяць на другі план.
Павышаны ўзровень картызолу, у сваю чаргу, можа ўплываць на выпрацоўку тэстастэрону, які мае важнае значэнне для сэксуальнага жадання.
Прычым даследчыкам удалося прасачыць паслядоўнасць гэтых змен. Узровень картызолу звычайна павышаўся за два-чатыры тыдні да таго, як пачынаў падаць тэстастэрон. А зніжэнне тэстастэрону на чатыры-шэсць тыдняў папярэднічала пагаршэнню эрэктыльнай функцыі.
На думку аўтараў, гэта можа азначаць, што паміж узмацненнем стрэсу і з'яўленнем сэксуальных разладаў існуе своеасаблівае «акно», калі своечасовае зніжэнне стрэсу можа дапамагчы прадухіліць развіццё праблем.
Чытайце таксама:
Сэкс і здароўе ў мужчын ідуць у пары
Новы сродак ад праблем з эрэкцыяй — яд павука
Выявілася, што некаторыя фізічныя нагрузкі такія ж эфектыўныя, як віягра