Хто такі Сяргей Алісеенка, які стварыў ШІ-чат-бот, што трапіў у топ-10 свету разам з ChatGPT і Claude
Прадукт ChatOn AI, створаны аднакурснікам Віктара Пракапені па БДУІРы, увайшоў у топ-10 самых паспяховых сусветных ШІ-прадуктаў. У дзясятцы таксама знаходзіцца нашумелы ўжо стартап Perplexity, у якім адным з заснавальнікаў з'яўляецца выхадзец з Гомеля Дзяніс Ярац.
І калі пра апошняга ў медыя пісалі шмат — Ярац уваходзіць у топ-100 самых паспяховых бізнэсменаў з Беларусі, а Forbes уключыў яго ў топ найбагацейшых імігрантаў у ЗША — то пра Алісеенку публікацыі пакуль больш сціплыя.
Расказваем, што пра яго вядома.
Сяргей Алісеенка. Фота: асабістая старонка ў фэйсбуку.
У спецыялізаваным рэйтынгу Sensor Tower, cкладзеным з аглядкай на аб’ёмы выручкі, створаны Алісеенкам ChatOn AI ідзе побач з ChatGPT, Grok, Claude, Suno, Google Gemini, Perplexity і Plaud. Пры гэтым ChatOn AI апярэдзіў такіх ШІ-памочнікаў як Kling AI і Manus.
Чат-бот быў запушчаны бізнэсоўцам у пачатку 2023 года і на сёння з’яўляецца чацвёртым па выручцы ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі, пятым — у Італіі і Аргенціне, шостым — у Канадзе і Саудаўскай Аравіі, сёмым — у Бразіліі і ААЭ. Агулам ChatOn налічвае ўжо больш за 100 мільёнаў загрузак на iOS, Android і вэб-платформах.
Сяргей Алісеенка нарадзіўся ў 1983 годзе ў Мінску. У 2006 годзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Адным з яго аднакурснікаў быў, напрыклад, IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня.
Адна з першых заснаваных Алісеенкам у 2016 годзе кампаній BP Mobile і па сёння паспяхова распрацоўвае мабільныя дадаткі. У іх партфоліа, напрыклад, лідар амерыканскага рынку ў справе сканавання дакументаў iScanner.
Праз тры гады Алісеенка спрычыніўся да заснавання гульнявой студыі FreePlay (стваральнікі Count Masters, Fidget Toys Trading і іншыя).
Акурат актывы ў BP Mobile і FreePlay прынеслі мінчуку капітал і вядомасць. Гэтыя і іншыя кампаніі сёння аб’яднаныя пад адным агульным дахам — AIBY Group.
Пасля 2020 года айці-прадпрымальнік скараціў сваю прысутнасць на беларускім рынку. Вядома, што ён жыве ў Маямі, дзе разам з жонкай у 2020 годзе яны набылі дом, і з’яўляецца суўласнікам мясцовых студый Prequel і Highcore Games, якія распрацоўваюць дадаткі для накладкі фільтраў на фота і відэа, а таксама мабільныя гульні.
Абранніцай Сяргея стала ўкраінская мадэлька і юрыстка Алеся Стэфанко. У 2011 годзе яна заваявала тытул «Міс Украіна Сусвет», а потым заняла другое месца на самім міжнародным конкурсе «Міс Сусвет».
Алеся і Сяргей Алісеенкі. Фота: інстаграм @olesiastefanko
Сёння Алеся вядзе свой ютуб-блог пра здаровы лад жыцця і моду, а таксама стварае праграмы трэніровак для кліентаў.
Пара выхоўвае дваіх дзяцей — хлопчыка Тэа і дзяўчынку Каю.
Вяселле пары ў 2016 годзе. Фота: olesiastefanko / Instagram