БЕЛ Ł РУС

Дзяўчына змяніла імя з другой спробы: «Бацькі дагэтуль гэтага не прынялі»

11.09.2026 / 08:03

Nashaniva.com

Што трэба, каб змяніць імя?

Днямі ў Threads беларуска падзялілася фота «доўгачаканага дакумента». Гэта пасведчанне аб змене імя. Ніякіх кардынальных пераменаў не адбылося: дзяўчыну звалі Веранікай, а стала Верай. І тым не менш гэтая падзея аказалася для яе вельмі значнай. Афіцыйна змяніць імя ёй удалося толькі з другой спробы, піша Onliner.by.

Па словах гераіні, роднае імя яна не любіла з самага дзяцінства. Часам замест Веранікі бацькі ласкава называлі яе Верачкай — і такі варыянт ёй падабаўся больш. Пасля 20 гадоў дзяўчыне захацелася, каб усе і заўсёды называлі яе менавіта так.

— Калі я ўладкавалася на працу адміністратарам у дзіцячы цэнтр, папрасіла ўсіх называць мяне Верай, і мне гэта настолькі адгукнулася! Я і знешне, і ўнутрана быццам змянілася, настолькі мне было камфортна. І Веранікай мяне ўжо мала хто называў. Звычайна, калі я прыходзіла куды-небудзь у новае месца, прадстаўлялася Верай.

Заставалася адна нязначная дэталь: у пашпарце Вера па-ранейшаму заставалася Веранікай. І летась дзяўчына сур'ёзна задумалася над тым, каб гэта змяніць. З пакетам дакументаў беларуска адправілася ў мясцовы ЗАГС у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына.

— Для змены імя патрэбныя пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, таксама на той момант у мяне ўжо было пасведчанне аб шлюбе. Трэба было напісаць заяву і ўказаць прычыну змены імя. Таксама я прыкладвала жартоўны дыплом з карпаратыву, дзе была запісаная Верай. Але там не было пячаткі, таму першы раз мне адмовілі.

Другі раз я ўжо прынесла дыплом аб праходжанні курсаў івэнт-менеджара ад дзейнай арганізацыі з пячаткай. Увогуле, можна прыкладаць любы дакумент або выразку з газеты, дзе пацвярджаецца, што вас называюць іншым імем.

— Якую прычыну вы ўказалі ў заяве?

— Напісала, што Вера больш эстэтычна гучыць і што мне так больш падабаецца.

Дакументы разглядалі каля месяца. Спачатку дзяўчыне прыйшоў пісьмовы адказ з упраўлення юстыцыі аб згодзе на змену імя.

— Далей зноў трэба было прыехаць на месца. Мне зрабілі новае пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб змене імя, робяць новае пасведчанне аб шлюбе. І ўжо пасля гэтага я буду мяняць пашпарт. Ведаю, што і мужу цяпер давядзецца памяняць пашпарт. Наконт бацькоў — не магу сказаць, пакуль не ўдакладняла. З абавязковых выдаткаў: пакуль я заплаціла 135 рублёў за ўсё.

— Як вашы сваякі да гэтага паставіліся?

— Мае бацькі гэтага не прынялі. Сур'ёзных канфліктаў не было, але з імі кожны дзень паўтараюцца адны і тыя ж размовы: «Чаму ты вырашыла гэта зрабіць? У цябе прыгожае імя». Проста Веранікай мяне назвала бабуля, а яшчэ мяне хрысцілі гэтым імем. Таму для іх гэта нешта такое святое.

— А вы што адказваеце блізкім?

— Адказваю, што гэта мой выбар і тут я сама прымаю рашэнне. Я дарослая, мне ўжо 25 гадоў. Мама больш-менш гэта ўсё прымае, называе мяне Верай, а тата — не. Яму нязвыкла. У мяне ёсць яшчэ брат, яму 19, і ён таксама не прымае новае імя. Але цяпер я ўжо прынцыпова хачу жыць з новым імем.

Пост у Threads, у якім Вера распавяла доўгачаканую навіну, аказаўся даволі папулярным. Карыстальнікі дзяліліся сваімі гісторыямі і перажываннямі:

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула