Нямецкія СМІ назвалі імя беларуса, якога падазраюць у падрыхтоўцы тэракта ў Лейпцыгу
Акрамя таго, называюць імя расіяніна, якога звязваюць з ГРУ.
Нямецкія следчыя выйшлі на двух меркаваных удзельнікаў спробы атакі беспілотнікамі з выбухоўкай на аэрапорт Лейпцыга. Адзін з іх — расіянін, якога нямецкія ўлады звязваюць з ГРУ, другі — грамадзянін Беларусі, які раней трапляў у поле зроку еўрапейскіх праваахоўных органаў. Пра гэта паведаміла Welt am Sonntag, якая азнаёмілася з сакрэтнымі матэрыяламі расследавання, піша «Агенцтва».
Расіяніна выданне называе Алегам Ле. (Oleg Le.), не раскрываючы яго поўнага прозвішча. Паводле версіі следства, ён адказваў за падрыхтоўку і лагістыку аперацыі і звязаны з расійскай ваеннай разведкай.
Алег Ле. прыляцеў у Германію праз аэрапорт Берлін-Брандэнбург з Турцыі, а пазней вылецеў адтуль у Сербію. Цяпер ён знаходзіцца ў Расіі.
Нямецкім сілавікам яшчэ падчас яго ўезду было вядома, што расіяніна адносяць да атачэння ГРУ, аднак назіранне за ім не ўсталёўвалі.
Другі падазраваны — грамадзянін Беларусі Андрэй Ка. (Andrei Ka.).
Выйсці на яго следчым дапамаглі рэшткі пальчаткі са слядамі ДНК, знойдзеныя на антэннай канструкцыі, якая, паводле версіі ўладаў, выкарыстоўвалася для кіравання дронам. Гэтыя ж сляды раней фіксаваліся ў Фінляндыі і Літве. Там Ка. фігуруе ў матэрыялах аб агульнакрымінальных злачынствах, у Фінляндыі — у тым ліку ў сувязі з крадзяжом.
Польскія ўлады таксама звязваюць Ка. з пажарам у будаўнічай краме ў Лодзі летам 2024 года. Польская пракуратура кваліфікавала гэты пажар як дыверсію, а следства заяўляла пра расійскі след. З'яўленне Ка. у справе аб атацы ў Лейпцыгу нямецкія следчыя лічаць яшчэ адной прыкметай магчымага кіравання аперацыяй з боку расійскіх структур.
Паводле версіі следства, выбухоўку даставілі ў Германію праз Балгарыю і Сербію. Яе маглі перавозіць у схаваных поласцях грузавікоў, а затым хаваць у тайніках у зямлі. Некалькі меркаваных тайнікоў паліцыя выявіла ў ваколіцах аэрапорта пасля аналізу даных арандаванага падазраванымі аўтамабіля.
Усяго для атакі, паводле даных следства, падрыхтавалі каля 1,8 кг Semtex. Адзін з дронаў даляцеў да ўкраінскага транспартнага самалёта, запраўленага прыкладна 25 тысячамі літраў газы, але не ўзарваўся: у прылады адарваўся дэтанатар. Следчыя лічаць, што ў выпадку выбуху магла быць разбурана частка аэрапорта.
Атака адбылася ўвечары 4 жніўня. Беспілотнік з выбухоўкай выявілі побач з украінскім транспартным самалётам і абясшкодзілі, яшчэ два апараты былі знойдзеныя ў раёне аэрапорта.
У пачатку верасня кіраўнік МЗС Германіі Ёхан Вадэфуль і міністр унутраных спраў Аляксандр Добрынт публічна ўсклалі адказнасць за атаку на Расію. Па даных Welt am Sonntag, падставай для гэтага сталі сабраныя следствам доказы, у тым ліку звесткі аб падазраваных. Масква адмаўляе дачыненне да аперацыі.
Чытайце таксама:
Адзін з падазраваных у атацы на аэрапорт Лейпцыга — мужчына з Беларусі
Падазраваны ў дыверсіі ў Лейпцыгу атрымаў візу ў пасольстве Італіі ў Мінску