БЕЛ Ł РУС

Starship Ілана Маска ўпершыню выйшаў на арбіту Зямлі

28.09.2026 / 19:32

Nashaniva.com

Кампанія SpaceX упершыню здзейсніла паўнавартасны касмічны запуск цяжкага карабля Starship. Неўзабаве пасля старту з яго на калязямную арбіту былі выведзеныя 26 спадарожнікаў Starlink. Калі палёт пройдзе паводле плана, карабель зробіць шэсць абаротаў вакол Зямлі, а затым прыводніцца ў Ціхім акіяне на захад ад узбярэжжа Чылі.

Фота: SpaceX

Ракета Super Heavy стартавала з прыватнага касмадрома SpaceX Starbase у Тэхасе а 15:46 паводле беларускага часу. Праз 25 хвілін адзін з трох маршавых рухавікоў Raptor карабля Starship уключыўся і перавёў яго з субарбітальнай траекторыі на калязямную арбіту.

Неўзабаве пасля выхаду на арбіту з карабля запусцілі 26 новых спадарожнікаў сувязі Starlink трэцяй версіі. Тры з іх абсталявалі адмысловымі відэакамерамі. З іх дапамогай інжынеры SpaceX хочуць вывучыць стан цеплаахоўнага пакрыцця Starship пасля палёту.

Цяпер для запуску спадарожнікаў Starlink SpaceX звычайна выкарыстоўвае ракеты Falcon 9, але ў будучыні кампанія плануе цалкам перайсці на Starship. Мяркуецца, што адзін такі карабель зможа выводзіць у космас да 60 спадарожнікаў за адзін запуск.

Гэта быў 14‑ты сумесны запуск сістэмы Starship і ракеты Super Heavy, але першы паўнавартасны арбітальны. Усе 13 папярэдніх запускаў мелі субарбітальны характар, пасля чаго карабель наўмысна прывадніўся ў Індыйскім акіяне.

Пасля завяршэння сваёй працы першая ступень Super Heavy ўпала ў Атлантычны акіян. SpaceX загадзя паведаміла, што падчас гэтага запуску не плануе ратаваць і мякка саджаць ні першую ступень, ні сам Starship. Калі выпрабаванне прызнаюць паспяховым, ужо падчас 15‑га запуску кампанія хоча паспрабаваць злавіць і пасадзіць карабель з дапамогай спецыяльнай вежы.

Падчас першага паўнавартаснага арбітальнага палёту Starship павінен прыкладна за 10 гадзін зрабіць шэсць абаротаў вакол Зямлі на вышыні каля 274 кіламетраў. Пасля гэтага карабель увойдзе ў шчыльныя слаі атмасферы і ўпадзе ў Ціхі акіян на захад ад Чылі.

У перспектыве SpaceX разлічвае аднаўляць Starship пасля прываднення і выкарыстоўваць яго паўторна. Больш дасканалыя версіі карабля кампанія таксама плануе выкарыстоўваць для будучых экспедыцый да Месяца і Марса.

Чытайце таксама:

Нямецкая прыватная ракета ўпершыню выйшла на арбіту

NASA паспяхова запусціла касмічны тэлескоп Roman, які можа адкрыць новую эру ў даследаванні Сусвету

Зяленскі ўзнагародзіў Ілана Маска ордэнам Свабоды

Што навукоўцы могуць высветліць дзякуючы падзенню ступені ракеты SpaceX на Месяц

Маск спадзяецца высадзіць чалавека на Марсе ўжо праз 5‑7 гадоў

Каментары да артыкула