БЕЛ Ł РУС

Праз 90 гадоў у Балівіі будуць размаўляць па-нямецку?

30.09.2026 / 15:13

Nashaniva.com

Сённяшняя нешматлікая нямецкамоўная супольнасць праз 90 гадоў можа стаць большасцю краіны.

Фота Bild

Эканаміст і прафесар статыстыкі Хесус Фернандэс-Вільявердэ з Пенсільванскага ўніверсітэта выклікаў ажыятаж у X сваімі разлікамі: невялікая нямецкамоўная супольнасць у Балівіі расце настолькі імкліва, што прыкладна праз 90 гадоў можа стаць большасцю насельніцтва краіны, піша Bild.

У сярэднім адна балівійка нараджае 1,56 дзіцяці, адзначае прафесар. Аднак «невялікая меншасць, менаніты, якія размаўляюць на плаўдзічы (адной з разнавіднасцяў ніжненямецкай мовы), мае значна больш высокі ўзровень нараджальнасці» — каля сямі дзяцей на адну жанчыну, піша Фернандэс-Вільявердэ ў X.

Колькасць менанітаў расце, а агульная колькасць насельніцтва ў агляднай будучыні будзе скарачацца.

У 1986 годзе ў краіне жылі толькі каля 17,5 тысячы нямецкамоўных менанітаў. Сёння іх ужо прыкладна 150 тысяч.

Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, то колькасць менанітаў вырасце з цяперашніх 150 тысяч прыкладна да 5 мільёнаў у 2116 годзе.

«Тады яны складуць большасць насельніцтва Балівіі», — кажа прафесар.

Рэзкая розніца ва ўзроўні нараджальнасці шмат у чым звязана з ладам жыцця менанітаў. Супольнасць прытрымліваецца асаблівай формы пратэстантызму, якая сфармавалася пачынаючы з XVI стагоддзя ў Паўночнай Германіі. Менаніты зазнавалі пераслед з боку тагачаснай знаці і таму эмігравалі. Праз Расію і Канаду менаніты перасяліліся далей, у Паўднёвую Амерыку, а з сярэдзіны XX стагоддзя жывуць таксама ў Балівіі.

Фернандэс-Вільявердэ, аднак, улічвае, што паказчыкі нараджальнасці могуць змяніцца, а рост супольнасці менанітаў — запаволіцца. Акрамя таго, «многія менаніты могуць пакінуць сваю рэлігійную супольнасць», піша прафесар. У такім выпадку частка супольнасці растворыцца сярод пераважна іспанамоўнага насельніцтва краіны.

Такім чынам, зусім не прадвызначана, што нямецкая мова стане дамінантнай у гэтай андскай дзяржаве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула