Як камуністы цалкам знішчылі 700‑гадовы горад Мост дзеля вугалю. Гістарычныя кварталы прадавалі Галівуду пад здымкі рэальных выбухаў
У другой палове XX стагоддзя ўрад Чэхаславакіі прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне: цалкам знесці 700‑гадовы каралеўскі горад Мост, каб дабрацца да радовішчаў бурага вугалю пад ім. Замест гістарычнага цэнтра з гатычнымі і рэнесанснымі помнікамі ўлады ўзвялі ўзорны панэльны горад, які павінен быў стаць сімвалам сацыялістычнай мадэрнізацыі, але ў выніку ператварыўся ў зону экалагічнага і сацыяльнага бедства.
Краявід Моста ў пачатку XX стагоддзя. Удалечыні замак Гневін на гары. Фота: Рэгіянальны музей і галерэя ў Мосце
Каралеўскі горад на «чорным золаце»
Першыя гістарычныя згадкі пра паселішча на месцы Моста сустракаюцца ў лацінскай хроніцы Казьмы Пражскага XI стагоддзя. Праз багністую мясцовасць праходзіў важны гандлёвы шлях з Прагі ў Саксонію, пракладзены па драўляных мастах, што і дало назву гораду. У ХІІІ стагоддзі ён атрымаў статус каралеўскага горада і шырокія прывілеі ад чэшскіх манархаў, уключаючы замацаванае Пржэмыслам Отакарам II у 1273 годзе права на зняволенне даўжнікоў.
Да сярэдзіны XX стагоддзя Мост уяўляў сабой багаты гістарычны цэнтр, архітэктурная шчыльнасць якога ставіла яго ў адзін шэраг з Чэскім Крумлавам і Кутнай Горай. Вузкія сярэднявечныя вулачкі арганічна перапляталіся з шырокімі бульварамі ХІХ стагоддзя, забудаванымі неарэнесанснымі дамамі так званай «вугальнай буржуазіі».
Забудова цэнтра Моста ў пачатку XX стагоддзя. Фота: Рэгіянальны музей і галерэя ў Мосце
У горадзе захоўваліся дзясяткі манументальных будынкаў: барочны кляштар мінарытаў, касцёлы Святой Ганны і Святога Вацлава, а таксама ўнікальны гатычны дэканскі касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі. Гістарычную забудову дапаўнялі тэатр у стылі мадэрн, будынак акруговага суда і мясцовы бровар, заснаваны яшчэ ў 1470 годзе. Да 1930 года насельніцтва Моста налічвала каля 28 тысяч чалавек, робячы яго вельмі заможным і індустрыялізаваным цэнтрам. Вышэй за горад, на аднайменным узгорку, узвышаўся замак Гневін, дакладней, яго рамантычная рэпліка мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў.
Забудова цэнтра Моста ў пачатку XX стагоддзя. Фота: Рэгіянальны музей і галерэя ў Мосце
Сімвалам росквіту і адначасова пракляццем горада сталі велізарныя паклады бурага вугалю, на якіх ён літаральна стаяў.
З сярэдзіны XIX стагоддзя пачалася імклівая індустрыялізацыя: у 1870 годзе да горада праклалі чыгунку, неўзабаве з'явіліся цукровы і фарфоравы заводы, а таксама сталеліцейнае прадпрыемства.
Будынак тэатра ў Мосце. Фота: Нацыянальны інстытут спадчыны
Вугальныя шахты падступалі ўшчыльную да жылых кварталаў. Наступствы такога суседства далі пра сябе ведаць у 1895 годзе, калі з-за прарыву плывуноў пад зямлю праваліліся некалькі дамоў разам з жыхарамі. Аднак нават гэтая прыродна-тэхнагенная катастрофа не запаволіла эканамічнага росту.
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя здабыча вугалю ўшчыльную падабралася да горада. Фота: Рэгіянальны музей і галерэя ў Мосце
Пасля падпісання Мюнхенскага пагаднення ў 1938 годзе і далучэння Судэцкай вобласці да нацысцкай Германіі Мост ператварыўся ў крытычна важны вузел ваеннай эканомікі Трэцяга Рэйха. Ва ўмовах дэфіцыту нафты мясцовы вугаль стаў стратэгічным рэсурсам. У 1939 годзе Герман Герынг аб'яднаў разрозненыя шахты ў магутную карпарацыю SUBAG (Sudetenländische Bergbau AG) і ініцыяваў будаўніцтва гіганцкага хімічнага завода ў суседнім Залужы. Прадпрыемства, якое спецыялізавалася на перапрацоўцы бурага вугалю ў сінтэтычнае паліва і газ, пачало працаваць у 1942 годзе.
Мосцецкі піваварны завод на паштоўцы 1912 года. Гэты комплекс будынкаў, гісторыя якога сягала ў XV стагоддзе, быў узарваны ў 1972 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Да 1944 года завод вырабляў больш за 40 тысяч тон бензолу штомесяц, выкарыстоўваючы працу звыш 30 тысяч ваеннапалонных і прымусовых працоўных з усёй Еўропы. Менавіта гэтая стратэгічная інфраструктура ў канцы вайны стала галоўнай мішэнню для амерыканскай бамбардзіровачнай авіяцыі, чые недакладныя ўдары нанеслі сур'ёзныя пашкоджанні і гістарычным кварталам старога горада.
Былая ратуша ў старым Мосце, над якой на заднім плане ўзвышаецца замак Гневін. Фота: Wikimedia Commons
Выгнанне немцаў і новыя жыхары
Да Другой сусветнай вайны Мост (які тады насіў нямецкую назву Брукс — Brüx) быў пераважна нямецкамоўным горадам. Паводле перапісу 1930 года, тут жыло каля 17500 немцаў і толькі 9700 чэхаў. Пасля заканчэння вайны ў 1945 годзе чэхаславацкі ўрад пачаў маштабную і жорсткую кампанію па этнічнай чыстцы памежных тэрыторый.
Фота: Рэгіянальны музей і галерэя ў Мосце
Дэпартацыя судэцкіх немцаў з рэгіёна праходзіла ў некалькі хваляў. У маі 1945 года ўзброеныя чэшскія дружыны сілком выгналі цераз мяжу каля 10 тысяч чалавек. У жніўні-верасні, на фоне вострага дэфіцыту жылля для чэшскіх працоўных, горад пакінулі яшчэ 5 тысяч немцаў. З сакавіка па кастрычнік 1946 года арганізавана вывезлі 28 тысяч чалавек.
Мінарыцкая плошча ў старым Мосце на паштоўцы 1912 года. Фота: Wikimedia Commons
У выніку з даваенных 60 тысяч немцаў у рэгіёне засталося ледзь 7 тысяч — пераважна высокакваліфікаваных шахцёраў, чыя праца была крытычна неабходнай для эканомікі. Уся іх асабістая маёмасць, дамы і прамысловыя прадпрыемствы былі канфіскаваныя і нацыяналізаваныя новай уладай.
На месца дэпартаваных хлынулі дзясяткі тысяч перасяленцаў: чэхаў, славакаў, а таксама ромаў (цыган), якія масава пакідалі сельскія раёны Славакіі ў пошуках працы на шахтах і бясплатнага пакінутага жылля. Паўночная Багемія ператварылася ў дэмаграфічны кацёл з надзвычай высокай цякучасцю кадраў. Многія прыязджалі выключна дзеля маёмасці і хуткіх заробкаў, пакідаючы рэгіён праз некалькі месяцаў.
Кабатніцкая вуліца ў старым Мосце на фотаздымку 1943 года. Фота: Wikimedia Commons
Гэтая татальная замена насельніцтва стала ключавым фактарам, які вызначыў далейшы лёс горада. Новыя жыхары не мелі ніякіх гістарычных ці эмацыйных сувязяў з сярэднявечнай архітэктурай Моста. Для іх гэта быў выключна працоўны ландшафт.
Як адзначае ў сваім даследаванні канадскі гісторык Ігл Гласхайм (Eagle Glassheim), у рэгіёне пачала фарміравацца новая, «матэрыялістычная» ідэнтычнасць, арыентаваная на вытворчасць. Камуністычная прапаганда актыўна культывавала гэты светапогляд, называючы мясцовы вугаль «крывёй, што цячэ ў артэрыі індустрыі».
Фота: Нацыянальны інстытут спадчыны
Менавіта адсутнасць гістарычных каранёў і прагматызм дазваляюць зразумець, чаму ў грамадстве не ўзнікла ніякага сур'ёзнага супраціву знішчэнню 700‑гадовага горада.
Дзяржава свядома не ўкладала грошы ў рамонт старых будынкаў, дазваляючы ім прыходзіць у заняпад. У сацыялагічным апытанні 1966 года больш за 80% жыхароў заявілі, што эканамічнае значэнне шахтаў цалкам пераважвае экалагічныя праблемы і страту архітэктуры. А 57% апытаных падкрэслілі, што ні пры якіх абставінах не хацелі б заставацца жыць у старым Мосце.
Занядбаны гістарычны цэнтр без цэнтральнага ацяплення, з агульнымі прыбіральнямі на калідорах і печкамі здаваўся ім змрочным перажыткам мінулага, тады як абяцаныя панэльныя новабудоўлі ўвасаблялі камфорт і сацыялістычны прагрэс.
Як рашыліся на знос цэлага горада
У 1950‑я гады, з надыходам эпохі фарсіраванай індустрыялізацыі, патрэбы чэхаславацкай эканомікі ў энерганосьбітах рэзка ўзраслі. Здабыча бурага вугалю ў паўночначэшскім басейне павялічылася больш чым удвая: з 1950 па 1964 год аб'ёмы дасягнулі 50 мільёнаў тон штогод. Тэхналогіі здабычы змяніліся з падземных на адкрытыя кар'ерныя.
Гістарычны аэрафотаздымак старога Моста сярэдзіны 1950‑х гадоў. Зусім побач ужо здабываецца буры вугаль. Фота: Wikimedia Commons
Да 1965 году адкрытыя шахты забяспечвалі ўжо 78% усяго вугалю ў рэгіёне (для параўнання, у 1910 годзе гэты паказчык складаў толькі 15%). Велізарныя экскаватары пачалі літаральна зразаць ландшафт, і неўзабаве кар'еры ўшчыльную наблізіліся да межаў гістарычнага Моста.
Даследчыкі Паўночначэшскіх буравугальных шахтаў (SHD) устанавілі, што пад цэнтрам старога горада залягае магутны вугальны пласт з высокай каларыйнасцю. Аб'ём запасаў ацэньваўся ў больш чым 86 мільёнаў тон (паводле шэрагу дакументаў — да 100 мільёнаў тон), якія знаходзіліся вельмі блізка да паверхні. Акрамя таго, знос горада дазваляў вызваліць прастору для скіду адвалаў з суседняй шахты «Лежакі» (Ležáky), што эканоміла б прадпрыемству гіганцкія транспартныя выдаткі на перавозку грунту.
Гістарычны цэнтр Моста з касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на здымку 1967 года. У гэты час улады ўжо прыступілі да планамернага знішчэння горада. Фота: Wikimedia Commons
26 сакавіка 1964 года ўрад Чэхаславакіі прыняў сакрэтную пастанову №180 аб ліквідацыі старой часткі горада і будаўніцтве новага. Эканамічныя разлікі інжынераў SHD былі пераканаўчымі: нават з улікам гіганцкіх выдаткаў на знос тысяч будынкаў, перанос інфраструктуры і ўзвядзенне цалкам новых мікрараёнаў, чысты прыбытак ад продажу выкапанага вугалю павінен быў скласці ад 2,6 да 3 мільярдаў чэхаславацкіх крон.
Каб апраўдаць знішчэнне спадчыны перад грамадствам, улады выкарысталі не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя аргументы. Стары горад планамерна даводзіўся да заняпаду і афіцыйна называўся «капіталістычным перажыткам».
Паводле даных гарадской хронікі таго часу, 88,5% будынкаў былі ўзведзеныя да 1900 года. Каля 60% усіх кватэр складаліся толькі з аднаго пакоя або кухні і пакоя, прычым 84% з іх не мелі ўласных ваннаў. Чыноўнікі даводзілі, што мадэрнізацыя і правядзенне каналізацыі ў гістарычныя кварталы абыдзецца значна даражэй, чым будаўніцтва цалкам новага панэльнага горада з выгодамі.
Знос гістарычнага цэнтра Моста. Фота: Рэгіянальны музей і галерэя ў Мосце
Рэшткі горада на краі кар'ера. 1975‑1976 гг. Фота: Дзяржаўны рэгіянальны архіў Моста.
Дадатковым фактарам, які спрасціў задачу ўраду, стала тое, што пасля паваенных канфіскацый нямецкай маёмасці 75% з 1237 будынкаў старога Моста знаходзіліся ў дзяржаўнай уласнасці. Гэта звяло да мінімуму выдаткі на кампенсацыі прыватным асобам.
Фізічная ліквідацыя 700‑гадовага горада пачалася ў 1965 годзе і працягвалася больш за два дзесяцігоддзі. Знос праводзіўся паэтапна з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі і кіраваных выбухаў. З 27 тысяч жыхароў Моста больш за 18 тысяч чалавек былі паступова пераселеныя ў новыя панэльныя шматпавярховікі. К 1977 году стары горад пакінулі апошнія жыхары.
Знішчэнне вежы піваварнага завода.
Шахцёрскі грамадскі дом у Мосце, пабудаваны ў 1921—1923 гадах, быў узарваны 31 сакавіка 1980 года. Фота: «Old Most, New Most: The Story of a Town in North Bohemia as a Case Study of the Transformations of Socialist Modernity»
Афіцыйна працэс зносу гістарычнай забудовы завяршыўся 1 красавіка 1987 года, пакінуўшы на месцы помнікаў еўрапейскай готыкі і рэнесансу толькі гіганцкі кар’ер.
Як на зносе зараблялі кінематаграфісты
Працяглае і планамернае разбурэнне гістарычнага Моста прыцягнула ўвагу не толькі прамыслоўцаў, але і замежных кінастудый. Горад, які паступова сціраўся з твару зямлі, ператварыўся ў ідэальную, танную і максімальна аўтэнтычную дэкарацыю для ваенных фільмаў. Рэжысёрам не патрабавалася будаваць дарагія муляжы: Мост прапаноўваў рэальныя паўзнішчаныя вуліцы, дамы ў руінах і магчымасць легальна праводзіць кіраваныя выбухі.
Кадр з галівудскага фільма «Рэмагенскі мост», на якім разбуецца гістарычная забудова Моста.
Самым вядомым эпізодам гэтага перыяду сталі здымкі галівудскага фільма «Рэмагенскі мост» амерыканскай кампаніі Metro Goldwyn Mayer. У чэрвені 1968 года здымачная група прыбыла ў Мост, выкарыстоўваючы рэальныя планавыя зносы будынкаў для імітацыі бамбардзіровак. Аднак працэс быў раптоўна перапынены ўварваннем войскаў Варшаўскага дагавора 21 жніўня 1968 года, з-за чаго стужку давялося заканчваць у заходненямецкім Гамбургу.
Рэнесансны фантан у якасці натурнай дэкарацыі для ваеннага фільма «Рэмагенскі мост». Фота: imdb.com
Гэтыя здымкі нечакана сталі інструментам савецкай прапаганды: фатаграфіі рэквізітных амерыканскіх танкаў і зброі з пляцоўкі ў Мосце актыўна тыражаваліся ў савецкай прэсе як доказ прысутнасці рэальных войскаў ЗША ў Чэхаславакіі, што служыла апраўданнем для ўводу савецкага кантынгенту «дзеля абароны краіны».
У 1970‑я і 1980‑я гады руіны горада працягвалі карыстацца попытам. На пачатку 1970‑х тут здымалі амерыканскі фільм «Бойня нумар пяць» паводле рамана Курта Вонэгута. У 1979 годзе горад стаў дэкарацыяй для тэлевізійнай адаптацыі рамана Эрыха Марыі Рэмарка «На заходнім фронце без перамен» (капрадукцыя ЗША і Вялікабрытаніі). Для стварэння траншэй і маштабных баявых сцэн кінастудыі масава прыцягвалі мясцовых жыхароў, работнікаў вугальных шахт і прафесійных піратэхнікаў. Руіны выкарыстала і савецкая кінематаграфія ў маштабнай эпапеі «Бітва за Маскву» (1985).
Танк на гістарычных вуліцах Моста, асуджанага на знішчэнне, у час здымак фільма «Рэмагенскі мост». Фота: imdb.com
Прычына, па якой закрыты камуністычны рэжым дазваляў заходнім здымачным групам свабодна працаваць на стратэгічнай тэрыторыі вуглездабычы, палягала выключна ў фінансах. Чэхаславакія мела вострую патрэбу ў цвёрдай валюце (дэвізах). Узамен дзяржава прапаноўвала Галівуду танную кваліфікаваную працоўную сілу, тэхнічную базу і ўнікальныя лакацыі, практычна не ўмешваючыся ў сцэнарыі. Пры гэтым дзейнічала жорсткая цэнзура ў пракаце: калі гатовы фільм не адпавядаў сацыялістычнай ідэалогіі, як гэта адбылося з «Бойняй нумар пяць», яго проста забаранялі паказваць у кінатэатрах Чэхаславакіі.
Сацыялістычная ўтопія і цыганскае пытанне
Паралельна са знішчэннем старога Моста за некалькі кіламетраў ад яго ўзводзіўся цалкам новы горад. Яго праектаванне грунтавалася на мадэрнісцкіх прынцыпах эфектыўнасці і строгага функцыянальнага раянавання, якія нагадвалі канцэпцыю «Прамяністага горада» Ле Карбюзье. Новы Мост быў выразна падзелены на жылыя, транспартныя, адміністрацыйныя, забаўляльныя, спартыўныя і прамысловыя зоны. Замест шчыльнай гістарычнай забудовы з'явіліся шырокія праспекты і тыпавыя панэльныя шматпавярховікі, абсталяваныя цэнтральным ацяпленнем і вадаправодам, акружаныя вялікімі зялёнымі масівамі.
Для камуністычнага кіраўніцтва горад павінен быў стаць вітрынай сацыялістычнай мадэрнізацыі, якая прыйшла на змену «капіталістычнаму перажытку».
Від новага горада ад Цэнтральнага парку. Справа бачны вышынны будынак інтэрната, побач Сталінградскі квартал, квартал віл Загражаны і пагорак Гневін. Фота: «Old Most, New Most: The Story of a Town in North Bohemia as a Case Study of the Transformations of Socialist Modernity»
Забудова вуліцы сёння. Фота: Wikimedia Commons
Маштабны пераезд даў уладам магчымасць паспрабаваць вырашыць яшчэ адну ідэалагічную задачу — так званае цыганскае пытанне. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тысячы ромаў (цыган) пераехалі з сельскіх раёнаў Славакіі ў Паўночную Багемію ў пошуках працы на шахтах і таннага жылля. Многія з іх аселі ў старым Мосце. Да сярэдзіны 1970‑х гадоў, калі большасць чэшскага насельніцтва ўжо пераехала ў новыя кватэры, гістарычны цэнтр, што чакаў зносу, фактычна ператварыўся ў ромскае гета. З 1552 ромаў, якія заставаліся там у 1971 годзе, звыш 83% улады адносілі да самай складанай катэгорыі — беспрацоўных і дрэнна адаптаваных да грамадскіх норм.
Толькі што завершаны будынак новага тэатра — гонару новага Моста — у 1985 годзе. Фота: «Old Most, New Most: The Story of a Town in North Bohemia as a Case Study of the Transformations of Socialist Modernity»
Новы Мост — тыповы сацыялістычны горад, забудаваны панэльнымі дамамі. Фота: Wikimedia Commons
Камуністычныя чыноўнікі разглядалі лад жыцця ромаў як спадчыну капіталістычнай адсталасці, звязваючы яго з дрэннай гігіенай, непісьменнасцю і адсутнасцю працоўнай дысцыпліны. Першапачаткова ўрад спрабаваў прымяніць палітыку «рассейвання» (дысперсіі), спадзеючыся асіміляваць ромскія сем'і шляхам іх ізаляванага рассялення сярод чэшскага насельніцтва ў Новым Мосце. Аднак эксперымент праваліўся: да 1971 года ўдалося інтэграваць толькі 12 сем'яў, што выклікала супраціўленне як з боку саміх ромаў, так і з боку іх новых суседзяў.
Найвышэйшы будынак у новым горадзе — гмах Паўночначэшскіх буравугальных шахтаў (SHD), якія былі ініцыятарамі знішчэння старога Моста. Фота: Wikimedia Commons
Аэрафотаздымак новага Моста. Удалечыні Мосцецкае возера, створанае на месцы старога горада. Фота: Wikimedia Commons
Сутыкнуўшыся з правалам інтэграцыі і неабходнасцю канчатковага зносу старога горада, улады змянілі стратэгію. Было прынята рашэнне пабудаваць асобны мікрараён Ханаў (Chanov) на ўскраіне, спецыяльна для перасяленцаў-ромаў са старога Моста. Збудаваны ў 1976—1979 гадах, комплекс складаўся з сучасных панэльных дамоў.
Ідэолагі верылі, што само перамяшчэнне ў сучаснае жыллё павінна было аўтаматычна змяніць сістэму каштоўнасцей жыхароў і канчаткова ліквідаваць цыганскую праблему.
Рэнесансны фантан са статуяй ільва і гарадскім гербам, перанесены са старога Моста на Першую плошчу новага горада. Фота: Wikimedia Commons
Чумны слуп, перанесены са старога Моста на Першую плошчу новага горада. Фота: Wikimedia Commons
Аднак сацыяльная інжынерыя пацярпела поўны крах. Сучасныя панэльныя будынкі Ханава вельмі хутка прыйшлі ў заняпад і патрабавалі капітальнага рамонту ўжо ў наступным дзесяцігоддзі. Сам раён ператварыўся ў маргіналізаваны анклаў-гета з высокім узроўнем беспрацоўя і сацыяльных праблем, якое працягвае існаваць і дагэтуль.
Выратаванне касцёла
Адзіным значным гістарычным будынкам, які ўлады вырашылі захаваць, стаў познегатычны касцёл Унебаўзяцца Дзевы Марыі, узведзены ў 1517—1550 гадах.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, узяты ў стальны каркас, быў зняты ў 1975 годзе непасрэдна перад перамяшчэннем на новае месца. Фота: Wikimedia Commons
Аперацыя па яго выратаванні ўвайшла ў гісторыю сусветнай інжынерыі: з 30 верасня па 27 кастрычніка 1975 года манументальны будынак вагой 10 тысяч тон быў акуратна перасунуты па спецыяльна сканструяваных рэйках на 841 метр ад вугальнага кар'ера.
Касцёл у руху, 11 кастрычніка 1975 года. Перамяшчэнне дэканскага храма амаль на кіламетр па рэйках з дапамогай спецыяльных транспартных вазоў было ўнікальнай аперацыяй, якая прыцягнула ўвагу як чэхаславацкай, так і сусветнай грамадскасці. Фота: «Old Most, New Most: The Story of a Town in North Bohemia as a Case Study of the Transformations of Socialist Modernity»
Працэс перамяшчэння касцёла. 1975 год. Фота: Гарадскі нацыянальны камітэт у Мосце
І нават гэтае выратаванне сярэднявечнага храма камуністычны рэжым здолеў выкарыстаць як інструмент прапаганды, дэманструючы свету тэхналагічную перавагу сацыялістычнай інжынерыі. Сёння касцёл самотна стаіць побач з Новым Мостам як сюррэалістычны помнік знішчанаму гораду.
Касцёл пасля перамяшчэння на новае месца. Фота: Wikimedia Commons
Сучасны выгляд касцёла ў Мосце. Фота: Wikimedia Commons
Экалагічны калапс
Бязлітасная індустрыялізацыя і пашырэнне адкрытых шахтаў мелі катастрафічныя экалагічныя наступствы. Паўночначэшскі басейн ператварыўся ў адну з самых забруджаных зон Еўропы. Выкіды дыяксіду серы і попелу з цеплаэлектрастанцый і хімічных заводаў правакавалі кіслотныя дажджы, якія масава знішчалі лясы ў суседніх Крушных гарах.
Аперацыя па выратаванні касцёла была вельмі затратнай. Але размясцілі яго ў аддаленым месцы, аддзеленым ад новага горада хуткаснай аўтадарогай. Фота: «Old Most, New Most: The Story of a Town in North Bohemia as a Case Study of the Transformations of Socialist Modernity»
Сёння гэтае месца выглядае так. Фота: Wikimedia Commons
У 1980‑я гады рэгіён рэгулярна накрываў таксічны смог. Падчас асабліва моцнай інверсіі 1982 года бачнасць упала практычна да нуля, шпіталі перапоўніліся пацыентамі з рэспіраторнымі захворваннямі, а дзяцей даводзілася спешна вывазіць у горы дзеля чыстага паветра.
Улады Чэхаславакіі ўсведамлялі маштаб экалагічнага бедства, аднак працягвалі ахвяраваць здароўем грамадзян дзеля выканання планаў па вытворчасці энерганосьбітаў. У выніку працягласць жыцця ў рэгіёне ўпала на 3—5 гадоў у параўнанні з сярэднімі паказчыкамі па краіне.
Мосцецкае возера на месцы старога Моста. Фота: Wikimedia Commons
Знос гістарычнай забудовы афіцыйна завяршыўся 1 красавіка 1987 года. З тэрыторыі старога горада дзяржава выкачала звыш 89 мільёнаў тон бурага вугалю (каля 89% ад разведаных запасаў), пасля чаго на мяжы 1990‑х гадоў здабыча ў гэтым сектары была спыненая. На месцы каралеўскага горада застаўся гіганцкі прамысловы кар’ер.
У пачатку XXI стагоддзя пачалася маштабная рэкультывацыя тэрыторыі. Да 2014 года былую шахту цалкам затапілі, стварыўшы возера Мост плошчай 311 гектараў — другое па велічыні штучнае возера ў Чэхіі. Цяпер гэтая зона выкарыстоўваецца для адпачынку, водных відаў спорту і правядзення культурных мерапрыемстваў, а над ёй, як і стагоддзі таму, узвышаецца замак Гневін.