БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

2.10.2026 / 18:43

Баляслаў Ліманоўскі

Заходнія спецслужбы і журналісты-расследавальнікі называюць 40‑гадовага ўраджэнца Віцебска Андрэя Каршакова аднаразовым агентам расійскай разведкі і вінавацяць у маштабных дыверсіях у Еўропе.

Андрэй Каршакоў. Фота: Укантакце

Імя Каршакова ўсплыла пасля выхаду сумеснага расследавання выданняў The Telegraph і Welt am Sonntag. Журналісты са спасылкай на заходнія разведкі пішуць, што Каршакоў дзейнічаў па прамым загадзе афіцэра ГРУ Алега Левушкіна з дыверсійнага падраздзялення 29155.

Менавіта віцебчук, як сцвярджаецца, запусціў дрон з выбухоўкай Семтэкс у крыло ўкраінскага грузавога самалёта Ан-124 у Лейпцыгу. Дрон цудам не здэтанаваў, а на пакінутай каля антэны пальчатцы паліцыя знайшла ДНК Каршакова з фінскай базы.

Таксама мужчыну падазраюць у дачыненні да падпалу будаўнічай крамы ў польскай Лодзі ў 2024 годзе. Еўрапейскія ўлады разглядаюць гэтыя дзеянні як акты міжнароднага тэрарызму і скаардынаваную кампанію Крамля па запалохванні краін, што падтрымліваюць Украіну.

Што вядома пра гэтага мужчыну?

Андрэй Каршакоў нарадзіўся 23 ліпеня 1986 года ў Віцебску. Па звестках Belpol, у нулявых ён працаваў на «Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы» і ў прыватнай кампаніі «Страхар». З 2011 года мужчына быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік і аказваў паслугі кіроўцы грузавога транспарту. Ягоны бізнэс у Беларусі праіснаваў да чэрвеня 2018 года.

Далёка не ўсё ў жыцці віцебчука ішло гладка — ён не раз меў праблемы з законам. Яшчэ ў 2010 годзе Каршакова арыштавалі ў Фінляндыі за спробу крадзяжу адзення на сотні еўра — менавіта тады ягоны профіль ДНК трапіў у еўрапейскія крымінальныя базы. А ў ліпені 2018‑га на радзіме ён адзначыўся п'яным дэбошам: разбіў нагамі лабавое шкло чужога аўтамабіля каля віцебскага клуба «Вінтаж».

Неўзабаве пасля 2018‑га Каршакоў атрымаў рэгістрацыю ў расійскім Смаленску. Адначасова з гэтым пачаліся ягоныя актыўныя паездкі ў Еўрасаюз. Базы перасячэння мяжы фіксуюць дзясяткі падарожжаў віцебчука ў Германію, Польшчу і Аўстрыю. 

У апошнія гады ён, падобна, меў добры заробак. З чэрвеня 2023 года мужчына пачаў карыстацца прэміяльным BMW X6 2019 года выпуска. А са снежня 2024 года рэгулярна спыняўся ў дарагім маскоўскім гатэлі Radisson Blu Olympiyskiy (выцекі фіксуюць пражыванні таксама ў ліпені і кастрычніку 2025 года).

Узнікае пытанне, а якая ж была крыніца патрэбных для такога ладу жыцця даходаў у гэтага чалавека.

Андрэй Каршакоў. Фота: Укантакце

Выглядае, што большую частку жыцця Каршакоў праводзіў за мяжой ці ў раз'ездах — на яго нават не зарэгістравана мабільных нумароў у Расіі, хоць ён паспеў атрымаць расійскі пашпарт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула