БЕЛ Ł РУС

Беларуска-літоўскую мяжу праз балота перайшла група з 35 мігрантаў. Іх лавілі з верталётам і сабакамі

2.10.2026 / 18:51

Nashaniva.com

Увечары 1 кастрычніка ў Аранскім раёне 35 мігрантаў спрабавалі незаконна перайсці з Беларусі на тэрыторыю Літвы. Памежнікі выявілі іх з дапамогай сістэмы відэаназірання і правялі вялікую аперацыю па затрыманні. Да яе далучылі верталёт Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, службовых сабак, памежнікаў з некалькіх падраздзяленняў і паліцыю, піша прэс-служба Службы аховы дзяржаўнай мяжы. 

Фота: vsat.lrv.lt

На ўчастку мяжы ў раёне Чапкельскага запаведніка няма ахоўнай агароджы і канцэрціны, паколькі ў балоцістай мясцовасці праз нестабільны грунт і прыродныя перашкоды пабудаваць такую інфраструктуру немагчыма. Там мяжу ахоўваюць іншымі сродкамі, у тым ліку сістэмай назірання, камеры якой ахопліваюць участкі ў глыбіні літоўскай тэрыторыі, дзе ёсць больш устойлівы грунт.

У чацвер увечары памежнікі праз сістэму відэаназірання заўважылі, што каля вёскі Котра мяжу перайшла група з 35 чалавек. Усе яны апынуліся на тэрыторыі Чапкельскага запаведніка.

Для пошуку парушальнікаў з паветра паднялі верталёт памежнікаў. Таксама ў працэсе ўдзельнічалі кінолагі са службовымі сабакамі. Навакольныя дарогі былі перакрытыя, а памежнікам дапамагала паліцыя.

Мігранты падзяліліся на некалькі груп, але далёка прайсці па балоцістай мясцовасці не паспелі. Усіх 35 чалавек хутка знайшлі і затрымалі ў лесе. 

Затрыманыя не супраціўляліся. Усе яны былі мужчынамі прыкладна ад 20 да 30 гадоў. У 11‑ці былі дакументы, астатнія іх не мелі. Яны назваліся грамадзянамі Афганістана і Ірака.

Пасля затрымання кожнаму мігранту правялі індывідуальную ацэнку абставінаў. Да раніцы 2 кастрычніка 29 чалавек паводле вынікаў гэтай працэдуры не пусцілі ў Літву і ў адпаведнасці з заканадаўствам вярнулі ў Беларусь.

Апытанне яшчэ пяці чалавек працягвалася ў пятніцу раніцай. Адзін з затрыманых паскардзіўся на самаадчуванне, таму памежнікі выклікалі яму хуткую дапамогу. Медыкі даставілі мужчыну ў медыцынскую ўстанову для абследавання.

Паводле інфармацыі літоўскіх памежнікаў, сёлета яны не дазволілі незаконна перайсці з Беларусі ў Літву 1661 чалавеку.

Чытайце таксама:

Літоўцы з палякамі паставілі спецыяльныя вароты для закрыцця ад мігрантаў памежнай ракі

Галоўны памежнік Латвіі: Тунэлі на мяжы дакладна капалі з ведама беларускіх службаў

Frontex: Тунэлі мігрантаў на беларускай мяжы будуюцца з ведама і пры падтрымцы ўладаў Беларусі

На мяжы быў паранены літоўскі памежнік, мігранты спрабавалі зацягнуць яго ў Беларусь

Каментары да артыкула