БЕЛ Ł РУС

Больш за 100 прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхіі сабраліся на канферэнцыю

3.10.2026 / 09:31

Nashaniva.com

Сёння ў Празе адбудзецца Канферэнцыя беларусаў і беларусак Чэхіі, на якую, паводле аргкамітэта, зарэгістраваліся ўжо больш за 100 чалавек.

Крысціяна Шыянок, фота Радыё Свабода

Канферэнцыя пройдзе ў будынку магістрата сталіцы Чэхіі пад патранажам мэра Прагі Багуслава Свобады. На думку сяброўкі аргкамітэта, кіраўніцы Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысціны Шыянок, гэта сведчыць пра давер гарадскіх улад да беларусаў.

Напярэдадні падзеі Крысціна Шыянок расказала Радыё Свабода пра беларускую супольнасць у Чэхіі і пра некаторыя праблемы, якія будуць абмяркоўваць на канферэнцыі.

«Чатыры гады таму адбыўся І З'езд беларусаў і беларусак Чэхіі, які тады меў фармат сходу з мандатамі для галасавання, у тым ліку для акрэслення пэўных нашых пазіцый, звязаных з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Цяперашняя падзея пройдзе ў іншым фармаце. Хутчэй гэта будзе рэфлексія на тыя змены, што адбыліся з намі, а таксама абазначэнне і аналіз новых выклікаў, з якімі сутыкаецца беларуская супольнасць у Чэхіі сёння», — зазначыла Крысціна Шыянок.

Беларусаў у Чэхіі паболела, хоць прыток новых мігрантаў з Беларусі апошнімі гадамі даволі невялікі, што звязана з візавымі абмежаваннямі, якія Чэхія ўвяла ў 2022 годзе. Колькасць новых беларускіх палітычных уцекачоў у Чэхіі вымяраецца не сотнямі, а дзясяткамі на год. Раней стабільна прыбывалі беларусы, якія прыязджалі працаваць, вучыцца ці ўз'яднацца з сямейнікамі.

Паводле афіцыйных звестак, на якія спасылаецца Крысціна Шыянок, у Чэхіі ў 2021 годзе было больш за 8200 беларусаў з пастаяннымі і часовымі дазволамі на жыхарства, цяпер такіх крыху больш за 7000. Але частка беларусаў за гэтыя гады паспела прыняць чэшскае грамадзянства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула