БЕЛ Ł РУС

На змену «Азэмпіку» хутка можа прыйсці новы прэпарат

3.10.2026 / 18:30

Nashaniva.com

Даследчыкі вывучаюць новы ін'екцыйны прэпарат CBL-514, які дзейнічае непасрэдна на тлушчавыя клеткі ў вобласці жывата. Паводле папярэдніх вынікаў клінічных выпрабаванняў, ён здольны памяншаць як падскурны, так і вісцаральны тлушч — той, што знаходзіцца глыбока ў арганізме вакол унутраных органаў, піша New York Post.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

У адрозненне ад прэпаратаў групы GLP-1, такіх як Ozempic, CBL-514 не запавольвае страваванне і не зніжае апетыт. Ён блакуе важны механізм выжывання тлушчавых клетак, у выніку чаго яны гінуць у месцы ўвядзення прэпарату — у прыватнасці, у вобласці жывата.

У выпрабаваннях другой фазы ўдзельнікі атрымлівалі ін'екцыю CBL-514 раз на тры тыдні. Колькасць ін'екцый залежала ад таўшчыні тлушчавага слою на жываце і памяншалася па меры ўздзеяння прэпарату.

Праз чатыры тыдні сярэдняя колькасць вісцаральнага тлушчу ў вобласці жывата зменшылася на 12%. Праз восем тыдняў пасля пачатку лячэння яго ўзровень па-ранейшаму быў на 10,45% ніжэйшы за зыходны.

Аўтары даследавання мяркуюць, што пасля знішчэння тлушчавых клетак іх здольнасць аднаўляцца можа быць абмежаванай. Аднак пакуль працяглы эфект пасля спынення лячэння даказаны толькі ў эксперыментах на пацуках. Ці будзе такі ж вынік у людзей, яшчэ вывучаецца.

Даследчыкі таксама правяраюць, ці можна спалучаць CBL-514 з прэпаратамі GLP-1, каб пасля іх адмены знізіць рызыку паўторнага набору вагі.

Паводле прадстаўленых даных, найбольш частымі пабочнымі эфектамі былі боль, ацёк і пачырваненне ў месцы ін'екцыі. Яны звычайна мелі лёгкі або ўмераны характар і хутка праходзілі. Сур'ёзных непажаданых рэакцый падчас даследавання не зафіксавалі.

Цяпер CBL-514 пераходзіць да трэцяй фазы клінічных выпрабаванняў. Гэта заключны этап даследаванняў перад магчымым атрыманнем дазволу FDA на выкарыстанне прэпарату.

Чытайце таксама:

Дзве беларускі спрабавалі кантрабандай завезці ў краіну шпрыцы з «Азэмпікам»

Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння

У беларускіх аптэках з’явіўся расійскі аналаг «Азэмпіку»

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў

«Доўга збіралася з думкамі, каб уджаліцца гэтай штукай»: Ганна Бонд пачала калоць «Азэмпік». Але не каб пахудзець

Каментары да артыкула