БЕЛ Ł РУС

У Беларусі зменяць клінічны пратакол, датычны атлусцення

3.10.2026 / 20:40

Nashaniva.com

У Беларусі рыхтуюць абнаўленне клінічнага пратаколу па дыягностыцы і лячэнні атлусцення. Для гэтага стварылі экспертную групу, паведаміла выданню «Медицинский вестник» прафесарка кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктарка медыцынскіх навук Ала Шэпялькевіч.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Медыкі плануюць адысці ад успрымання атлусцення як выключна касметычнай праблемы або выніку ладу жыцця і разглядаць яго як сур’ёзнае хранічнае захворванне.

Паводле даследавання STEPS, праведзенага па методыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, атлусценне маюць 25,4% дарослых жыхароў Беларусі, то-бок прыкладна кожны чацвёрты.

У абноўленым пратаколе плануюць замацаваць паняцце «клінічнае атлусценне». Пад ім будуць разумець хранічнае захворванне, якое ўзнікае ў выніку парушэнняў функцый органаў або ўсяго арганізма, непасрэдна звязаных з празмерным назапашваннем тлушчавай тканкі.

Пры дыягностыцы будуць ацэньваць не толькі індэкс масы цела. Дадаткова плануецца ўлічваць акружнасць таліі, яе суадносіны з ростам і акружнасцю сцёгнаў. У некаторых выпадках могуць выкарыстоўвацца вынікі МРТ, КТ, дэнсітаметрыі, якая дазваляе вызначаць склад цела, а таксама біяімпеданснага аналізу.

Захворванні і іншыя праблемы, звязаныя з празмерным назапашваннем тлушчу, прапануецца падзяліць на тры асноўныя групы: метабалічныя, механічныя і псіхалагічныя.

Асобным крытэрыем дыягностыкі стануць абмежаванні ў штодзённым жыцці. Напрыклад, будзе ўлічвацца, ці цяжка чалавеку дыхаць, падымацца па лесвіцы або завязваць шнуркі.

У новым пратаколе таксама плануюць больш падрабязна разгледзець бяспеку медыкаментознага лячэння атлусцення. У 2026 годзе ў Беларусі ўпершыню зарэгістравалі прэпараты для лячэння атлусцення на аснове семаглутыду. Гэта рэчыва дапамагае зніжаць узровень цукру ў крыві і масу цела. Паводле прафесаркі Аллы Шэпялькевіч, прэпараты на яго аснове маюць добра вывучаны профіль бяспекі.

Чытайце таксама:

Колькі можна сядзець без перапынку, каб не павялічваць рызыкі раку? Навукоўцы знайшлі адказ

Мы няправільна выбіраем час ежы

Адной ін'екцыі хапіла на 70 дзён. У ЗША выпрабавалі новы падыход да лекаў ад атлусцення

Асцярожна: у веганскіх прадуктах удвая больш харчовых дабавак, чым у мясных аналагах

Каментары да артыкула