БЕЛ Ł РУС

У Латвіі на парламенцкіх выбарах перамагае партыя цяперашняга прэм'ера

3.10.2026 / 22:22

Nashaniva.com

Паводле экзітполаў, на парламенцкіх выбарах у Латвіі значна наперадзе іншых палітычных сіл апынуўся «Аб’яднаны спіс», які ўзначальвае прэм’ер-міністр Андрыс Кулбергс. Папярэднія даныя паказваюць, што партыя магла атрымаць 35,6% галасоў, піша Бі-бі-сі.

Прэм'ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс. Фота: AP Photo/Marius Burgelman

Калі такі вынік пацвердзіцца, ён будзе незвычайна высокім для латвійскай палітычнай сістэмы. Больш за 30% галасоў пасля аднаўлення незалежнасці краіны раней атрымлівалі толькі партыі «Латвійскі шлях» у 1993 годзе і «Адзінства» ў 2010-м.

Далёка ззаду ад «Аб’яднанага спісу» паводле экзітпола размясціліся «Латвія на першым месцы» з 11,3% і «Прагрэсіўныя» з 11,1%. Яшчэ тры палітычныя сілы таксама пераадолелі пяціпрацэнтны бар’ер: «Суверэнная ўлада/Маладыя латышы» атрымлівае 10,8%, Нацыянальнае аб’яднанне — 8,7%, а «Новае адзінства» — 6,7%.

Экзітпол праводзіўся сярод 6500 выбаршчыкаў, апытаных пасля галасавання. Прыкладна 30% з іх не паведамілі, за каго прагаласавалі, таму вынікі застаюцца папярэднімі.

«Аб’яднаны спіс» — правацэнтрысцкая палітычная сіла, створаная ў 2022 годзе шляхам аб’яднання трох партый. Яна прайшла ў Сейм і ўвайшла ва ўрадавую кааліцыю, але ў 2023 годзе перайшла ў апазіцыю.

У маі 2026 года папярэдняя ўрадавая кааліцыя распалася пасля палітычнага крызісу, звязанага з залётамі беспілотнікаў у Латвію. Пасля гэтага прэм’ер-міністрам стаў Андрыс Кулбергс, вылучаны «Аб’яднаным спісам». Да прыходу ў палітыку ён быў звязаны з прадпрымальніцкім асяроддзем і пазіцыянаваў сябе як чалавека, здольнага вырашаць праблемы.

Пасля фармавання ўрада на чале з Кулбергсам падтрымка «Аб’яднанага спісу» пачала прыкметна расці. Яшчэ напярэдадні выбараў апытанні давалі партыі значна меншыя паказчыкі — каля 14—20%, таму вынік экзітпола ў 35,6% стаў рэзкім павелічэннем у параўнанні з папярэднімі ацэнкамі.

Чытайце таксама:

Сейм Латвіі канчаткова абмежаваў вяшчанне грамадскіх медыя на рускай мове

У Латвіі рэзка павялічыўся збожжавы транзіт з Беларусі. За дзевяць месяцаў у 913 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год

У Латвіі зафарбавалі дарожныя ўказальнікі на Маскву

У Латвіі выйшаў новы іміграцыйны закон, які пастрожвае ўмовы для беларусаў

Каментары да артыкула