У калоніі ў Наваполацку памёр віцебскі псіхіятр Ігар Пасноў
Калі адбыўся суд і за што пакаралі Паснова, дакладна невядома.
У калоніі ў Наваполацку памёр віцебскі псіхіятр Ігар Пасноў. Пра гэта, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміў у Facebook праваабаронца Павел Левінаў.
Ігар Пасноў нарадзіўся ў Віцебску 30 траўня 1968 года, ён з чырвоным дыпломам скончыў віцебскі медыцынскі інстытут, шмат гадоў працаваў педыятрам, потым атрымаў дадатковую адукацыю па спецыяльнасці «псіхіятрыя», піша «Віцебская вясна».
Яго імя стала вядомым у 2013 годзе, калі ён пачаў выступаць з крытыкай недахопаў у працы віцебскіх медустаноў. Пасля крытычнага выступу на «Белсаце» пра дзейнасць Аляксандра Косінца, тагачаснага старшыні Віцебскага аблвыканкама, Паснова гвалтам змясцілі ў псіхіятрычную клініку. Яго трымалі там больш за месяц, і пасля выхаду ён спрабаваў аспрэчыць і пастанову суду, які яго накіраваў на лячэнне, і выстаўлены дыягназ. У 2014 годзе Пасноў звярнуўся ў Незалежную псіхіятрычную асацыяцыю Расіі і тыя пацвердзілі, што Пасноў не меў патрэбы ў лячэнні.
У 2018 годзе Ігар Пасноў трапіў пад крымінальны пераслед: яго абвінавацілі ў паклёпе на віцебскага пракурора Юрыя Раманоўскага. У траўні 2019 года суддзя Наталля Рошчына прызнала Ігара Паснова вінаватым «у распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), размешчаных у глабальнай сетцы інтэрнэт», і пакарала яго абмежаваннем свабоды на 3 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Аднак у ліпені 2019 года ён ужо быў на волі. Акалічнасці свайго вызвалення Пасноў тлумачыў у сацсетках даволі цьмяна, пішучы пра тое, што «згадзіўся на амністыю» або на «здзелку».
Пазней ён уладкаваўся псіхіятрам у Докшыцкую ЦРБ. Працуючы там, ён у 2020 годзе рэзка крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за ігнараванне праблем з каронавірусам, на які цяжка перахварэў і сам.
Калі дакладна адбыўся суд, за што канкрэтна і як пакаралі Паснова, пасля чаго ён аказаўся ў Наваполацкай калоніі, застаецца невядомым праз тое, што Ігар Пасноў не меў сваякоў і вёў закрыты лад жыцця.
Былыя зняволеныя гэтай калоніі распавядалі, што адміністрацыя калоніі здзекавалася з яго. Пасноў меў два «прафулікі» — «схільнасць да нападу на адміністрацыі, захопу закладнікаў і праяў агрэсіі» і «схільнасць да здзяйснення суіцыду і самакалечання». Праз тое, што ён меў «нізкі статус», зносіны з іншымі зняволенымі ў яго былі вельмі абмежаваныя. Але апошнім часам з калоніі даходзілі чуткі пра вельмі кепскі псіхалагічны і фізічны стан Ігара Паснова.