Беларускую навукоўку пакаралі на Тайвані за п'яную язду на скутары па тратуары
Марыя Цярэшына даследуе павукоў.
Марыя Цярэшына. Фота: Broccoli Vlog / YouTube
Акруговы суд Тайбэя 30 верасня 2026 года разгледзеў апеляцыю 27‑гадовай грамадзянкі Беларусі Марыі Цярэшынай па справе аб п'яным кіраванні.
Марыя Цярэшына — біёлаг-арахнолаг. Яна атрымала вышэйшую адукацыю ў Польшчы, а пасля пераехала ў Тайвань вучыцца ў вядомага даследчыка павукоў і займацца выкарыстаннем павуціння ў медыцыне. У навуковых публікацыях яна пазначаная як супрацоўніца Унівэрсітэта Тунхай у Тайчжуне.
Паводле матэрыялаў справы, у ноч на 26 красавіка 2025 года беларуска выпівала ў адкрытым бары ў парку Юаньшань у тайбэйскім раёне Чжуншань. Пасля гэтага яна села на скутар і паехала па тратуары. Каля 2:50 ночы яе спыніла паліцыя. Сама Цярэшына на допыце паказала, што ехала з мізернай хуткасцю — каля 3 км/г.
Тэст паказаў у яе 0,30 мг алкаголю на літр выдыхнутага паветра. А на Тайвані з гэтым строга — крымінальная адказнасць надыходзіць ад 0,25 мг/л.
У судзе Цярэшына прызнала віну. 18 лістапада 2025 года суд першай інстанцыі прызначыў ёй два месяцы зняволення з магчымасцю замяніць іх штрафам. Пры гэтым суд вырашыў не высылаць яе з краіны. Ён улічыў, што яна жыве і працуе на Тайвані легальна, раней правапарушэнняў не мела, а сам выпадак назваў «неразважлівым учынкам», які не сведчыць пра небяспеку для грамадства.
Беларуска абскардзіла толькі памер пакарання і прасіла аб умоўным тэрміне. Апеляцыйная калегія вырашыла, што першая інстанцыя прызначыла пакаранне правільна, і скаргу адхіліла. Аднак суд адтэрмінаваў выкананне пакарання на два гады.
Умова такая: на працягу паўгода пасля таго, як прысуд уступіць у сілу, яна павінна заплаціць каля $1570. Калі беларуска не заплаціць, пракурор можа папрасіць суд адмяніць умоўны тэрмін.