БЕЛ Ł РУС

Пасля расійскіх удараў ва Украіне амаль не засталося лакаматываў

5.10.2026 / 13:32

Nashaniva.com

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расія пашкодзіла або знішчыла больш за 500 украінскіх лакаматываў, прычым звыш паловы — у 2026 годзе. Цяпер Украіна шукае замену ў краінах Еўропы, але падыдуць не ўсе машыны праз розную шырыню чыгуначнай каляіны.

Украіна амаль цалкам выкарыстала рэзерв лакаматываў, заявіў міністр аграрнай палітыкі Тарас Высоцкі ў каментары Financial Times. Паводле яго, Кіеў ужо вядзе перамовы з еўрапейскімі краінамі пра пастаўкі тэхнікі.

Праблема ў тым, што ва Украіне выкарыстоўваецца каляіна шырынёй 1520 міліметраў, тады як у большасці краін Еўрасаюза яна вузейшая — 1435 міліметраў. Таму звычайныя еўрапейскія лакаматывы нельга адразу паставіць на ўкраінскія рэйкі. 

Расія ў апошнія тыдні ўзмацніла ўдары па цягніках, якія перавозяць збожжа і жалезную руду — два ключавыя тавары ўкраінскага экспарту.

Выканаўчы дырэктар прыватнага партовага аператара ТІС Мікіта Грубаў расказаў, што толькі каля іх тэрмінала ў порце Паўднёвы былі страчаныя тры лакаматывы.

«Цяпер назіраецца вялікі дэфіцыт. Гэта наша слабае месца», — сказаў ён.

15 верасня кіраўнік украінскага МЗС Андрэй Сібіга звярнуўся да партнёраў з просьбай дапамагчы знайсці лакаматывы для каляіны 1520 міліметраў і прафінансаваць набыццё новых.

«Каб гэтая жыццёва важная артэрыя працягвала працаваць, Украіне тэрмінова патрэбная замена», — заявіў Сібіга.

Паводле яго, ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія атакі пашкодзілі або знішчылі больш за 500 лакаматываў. Больш за палову гэтых страт прыпала на 2026 год.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула