БЕЛ Ł РУС

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?

5.10.2026 / 18:12

Баляслаў Ліманоўскі

У Мінскім абласным судзе ідзе працэс па дзявяці цяжкіх артыкулах супраць трох беларусаў, аднаго з якіх расіяне затрымалі і катавалі ў акупаваным Крыме і звязваюць з «Байполам». Адзін з іх — Іван Балашэнка, былы падпалкоўнік Ваеннай акадэміі, які пасля 2021 года кінуў службу і пайшоў працаваць у таксі ды лагістычныя кампаніі. 

Іван Балашэнка. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Івану Балашэнку 39 гадоў, ён родам са Слуцка. Па звестках Belpol, ён вучыўся ў Беларуска-расійскім універсітэце. Але, наколькі вядома, не скончыў яго, пайшоў вучыцца ў Вайсковую акадэмію.

Доўгі час мужчына будаваў паспяховую вайсковую кар'еру. Па звестках «Кіберпартызанаў», ён служыў у 103‑й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе Сіл спецыяльных аперацый.

Калі Балашэнка даслужыўся да старшага афіцэрскага складу, то перайшоў на выкладчыцкую працу ў сталіцы. Яшчэ ў лістападзе 2021 года ён згадваўся ў афіцыйнай справаздачы Віцебскага кадэцкага вучылішча як ганаровы госць — падпалкоўнік і выкладчык факультэта ваеннай разведкі Вайсковай акадэміі.

Але прыкладна на мяжы 2021 і 2022 гадоў у жыцці афіцэра адбыўся рэзкі паварот. Ён пакінуў службу ва Узброеных сілах і кардынальна змяніў сферу дзейнасці. Пачынаючы са снежня 2021 года, былы вайсковец уладкаваўся ў Мінску і працаваў выключна ў прыватных аўтапарках. На працягу некалькіх гадоў ён увесь час мяняў месцы працы ў службах таксі, на СТА і ў лагістычных кампаніях.

Дакладныя абставіны затрымання Балашэнкі, як і сутнасць прад'яўленых яму абвінавачванняў, застаюцца невядомымі. На лаве падсудных ён аказаўся разам з Генрыхам Агеевым, якога нібыта затрымалі па «справе Байпола» ў акупаваным Крыме і катавалі, а таксама Юрыем Васілеўскім. 

Генрых Агееў, як паведамлялі праваабаронцы, — былы сілавік з Берасцейшчыны. Юрый Васілеўскі працаваў у БНТУ і быў уключаны ў Рэестр судовых экспертаў (яго профіль — судовая будаўніча-тэхнічная экспертыза). 

Генрых Агееў і Юрый Васілеўскі

Агулам іх судзяць паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі», «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве», пісала «Вясна».

Вядома, што Генрыха затрымалі нібыта па «справе «Байпола» больш за паўтара года таму ў акупаваным Расіяй Крыме, дзе яго збівалі і катавалі. Пазней яго перавезлі ў Беларусь і змясцілі ў СІЗА КДБ. Юрыя затрымалі год таму пры невядомых абставінах. Пра Івана Балашэнку праваабаронцам раней не было вядома. Падрабязнасці гэтай справы невядомыя.

У залежнасці ад ролі кожнага Генрыху, Юрыю і Івану выстаўленыя наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса:

Што вядома пра фігурантаў справы?

Генрых Агееў — былы сілавік з Берасцейшчыны. У верасні 2026 года яму споўнілася 32 гады. Палітвязня затрымалі ў лютым 2024 года ў Крыме. Як распавядаў сам Агееў свайму былому сукамерніку, ён з'яўляецца фігурантам «справы «Байпола» — ён нібыта ездзіў па заданні былога афіцэра МУС, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы «Байпола» Аляксандра Азарава.

Каля сямі месяцаў яго ўтрымлівалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі, дзе яго збівалі ды катавалі. Увесь гэты час пра месцазнаходжанне мужчыны было невядома. У верасні 2024 года Агеева экстрадавалі ў Беларусь, пры гэтым не аддалі ніякіх дакументаў, таму час у СІЗА ФСБ не будзе залічаны ў тэрмін прысуду. На радзіму беларуса везлі суткі з мяшком на галаве, распавёў былы сукамернік. 

Юрый Васілеўскі скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Працаваў у БНТУ спачатку як асістэнт кафедры, а пасля як выкладчык і старшы выкладчык кафедры электразабеспячэння. З 2017 года Васілеўскі ўключаны ў Рэестр судовых экспертаў. Яго профіль — судовая будаўніча-тэхнічная экспертыза. Яго затрымалі ў верасні 2025 года. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а з сакавіка 2026 года перавялі ў СІЗА № 1. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула