БЕЛ Ł РУС

Ізраільцяніна злавілі на спробе ўвезці ў Беларусь буйную суму наяўных

5.10.2026 / 17:26

Nashaniva.com

Грамадзянін Ізраіля можа атрымаць да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй грошай пасля таго, як спрабаваў увезці ў Беларусь суму, якая больш чым у тры разы перавышала вызначаны ліміт. Пра гэта паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Пасля прылёту ў Мінск мужчына праходзіў мытны кантроль і выбраў зялёны калідор, што азначае адсутнасць тавараў і грашовых сродкаў, якія неабходна дэклараваць. Аднак у яго багажы мытнікі знайшлі наяўныя грошы ў розных валютах на агульную суму, эквівалентную 33 тысячам даляраў.

Як адзначылі ў мытным камітэце, гэтая сума больш чым у тры разы перавышала ўстаноўлены законам ліміт (10 тысяч даляраў), у межах якога наяўныя грошы можна перамяшчаць праз мытную мяжу без дэкларавання.

У дачыненні да іншаземца завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй грашовых сродкаў.

У Дзяржаўным мытным камітэце нагадалі, што наяўныя грошы ў суме, эквівалентнай 10 тысячам долараў ЗША і больш, пры перасячэнні мытнай мяжы неабходна абавязкова дэклараваць у пісьмовай форме. Для гэтага трэба праходзіць праз чырвоны калідор пункта пропуску.

Чытайце таксама:

Жанчына спрабавала ўвезці ў Беларусь тры старадаўнія абразы

Берасцеец незаконна ўвёз у Беларусь з Польшчы трох сабак і ката

Жанчына спрабавала патаемна правезці ў Беларусь пяць экзатычных яшчарак

Каментары да артыкула