БЕЛ Ł РУС

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

6.10.2026 / 14:21

Nashaniva.com

Прапаў таксама намеснік галоўнага доктара па хірургіі Андрэй Шасцюк.

Аляксандр Карпіцкі і Андрэй Шасцюк падчас працы. Фота: bokb.by 

У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы нешта адбылося. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», сілавікі прыйшлі да кіраўніцтва.

66‑гадовы галоўны доктар Аляксандр Карпіцкі прапаў яшчэ на мінулым тыдні.

У медыцынскай установе пацвярджаюць, што Карпіцкага няма на працоўным месцы.

«Найбліжэйшым часам можаце яго нават не набіраць», — кажуць у прыёмнай, пры гэтым прычыну адсутнасці галоўнага доктара назваць не могуць.

Адначасова з ім, выглядае, быў затрыманы і калега Андрэй Шасцюк. На працоўным месцы ён таксама адсутнічае.

Паводле афіцыйнай версіі, «Андрэй Міхайлавіч на бальнічным». Але невядома нават прыблізна, калі ён зможа зноў вярнуцца да сваіх абавязкаў.

Аляксандр Карпіцкі. Фота: sb.by

Аляксандр Карпіцкі — сапраўдная зорка ад медыцыны ў Брэсцкай вобласці. Заслужаны лекар Беларусі, аўтар 15 вынаходніцтваў, ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці.

Карпіцкі нарадзіўся ў 1960 годзе ў сям'і медыкаў. Скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў хірургам у Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы (1985—1987), быў малодшым навуковым супрацоўнікам Віцебскага медінстытута (1987-1988). У 1998‑2000 загадваў аддзяленнем таракальнай хірургіі ў Віцебскім абласным анкалагічным дыспансеры. З 2000 — галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы.

Лічыцца, што менавіта пад яго кіраўніцтвам тут пашырыліся аб’ём і даступнасць малаінвазіўных і эндаскапічных умяшанняў. Упершыню ў вобласці Карпіцкі сам правёў пластычныя аперацыі на страваводзе з замяшчэннем яго страўнікам, страўнікавай трубой, тоўстай і тонкай кішкай. А ў 2014‑м выканаў першую ў Беларусі алатрансплантацыю лёгачнай артэрыі.

Акрамя таго, Аляксандр Карпіцкі з’яўляецца членам Савета Рэспублікі ад Брэсцкай вобласці. Пасля выбараў 2020 года ён трапіў у Чорную кнігу Беларусі за тое, што не працягваў кантракты маладым спецыялістам па палітычных матывах.

Андрэй Шасцюк. Фота: bokb.by

Андрэй Шасцюк, як і калега, — хірург, кандыдат медыцынскіх навук. На яго рахунку — каля 200 аперацый на год і шэсць патэнтаў.

Афіцыйнага пацвярджэння арышту медыкаў пакуль няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула