БЕЛ Ł РУС

«Стыль снобаў» вяртаецца. Зноў модна падымаць каўнер

7.10.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Падняты каўнер пола быў адной з самых пазнавальных дэталяў 2000-х, а пасля надоўга ператварыўся ў моднае клішэ. Цяпер яго зноў носяць знакамітасці і выкарыстоўваюць у сваіх калекцыях вядомыя дызайнеры. Але ёсць нюанс: сёння гэта выглядае не зусім так, як дваццаць гадоў таму.

Gucci. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

Падняты каўнер пола асабліва запомніўся па модзе 2000-х. Ён добра ўпісваўся ў папулярны тады стыль, натхнёны гардэробам студэнтаў прэстыжных амерыканскіх каледжаў: пола, кашулі, блэйзеры, джэмперы і лоферы.

Адным з самых вядомых прыхільнікаў такога вобраза быў Канье Уэст. У часы свайго дэбютнага альбома The College Dropout ён насіў яркія пола, блэйзеры і рэчы ў студэнцкім стылі, часта падымаючы каўнер.

З часам гэтая дэталь стала настолькі характэрнай для эпохі, што ператварылася ў клішэ. Падняты каўнер пачаў асацыявацца з гольф-клубамі, багатымі студэнтамі і моднымі празмернасцямі нулявых — і паступова амаль знік.

Але апошнім часам ён зноў пачаў з'яўляцца. Як піша Heute.at, адной з першых прыкмет вяртання трэнду стаў вобраз брытанскага спявака Гары Стайлза, вядомага сваімі моднымі эксперыментамі. У сакавіку 2025 года яго сфатаграфавалі ў Лондане ў ружовым пола з паднятым каўняром. Vogue тады нават прысвяціў гэтаму асобны матэрыял, задаўшыся пытаннем, ці не вяртаецца мода на паднятыя каўняры.

Пасля падобныя вобразы сталі з'яўляцца і ў дызайнерскіх калекцыях Auralee, Jil Sander, Dior і Gucci. Такім чынам, гаворка ўжо не пра адзін выпадковы вобраз, а пра дэталь, да якой адначасова вяртаюцца розныя дызайнеры і знакамітасці.

Aimé Leon Dore. Калекцыя вясна / лета 2026. Фота: aimeleondore.com

Але ёсць адно адрозненне паднятых каўняроў раней і цяпер

У нулявыя каўнер звычайна падымалі цалкам і стараліся, каб ён стаяў роўна. Цяпер такая акуратнасць якраз неабавязковая.

Адна частка каўняра можа застацца паднятай, другая — апусціцца. Ён можа быць крыху пакамечаны або стаяць няроўна. Замест падкрэслена акуратнага выгляду — наўмысная нядбайнасць.

Таму цяперашняе вяртанне — не дакладная копія моды дваццацігадовай даўніны. Дызайнеры бяруць пазнавальную дэталь нулявых, але пазбаўляюць яе той стараннай акуратнасці, з якой яна калісьці асацыявалася.

І для таго, каб паспрабаваць новы-стары трэнд, нават не абавязкова нешта купляць. Калі ў шафе захавалася пола са шчыльным каўняром, дастаткова проста падняць яго. Прычым цяпер чым менш відаць, што вы стараліся, тым лепш.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула