Нацбанк выпускае залатую манету наміналам 100 рублёў
Нацыянальны банк Беларусі з 20 кастрычніка выпускае ў абарачэнне залатую інвестыцыйную манету «Славянка» 2026 года выпуску наміналам 100 рублёў, паведамляе БелТА.
Манета важыць 15,55 грама, мае дыяметр 27,9 мм, выраблена з золата 999,9 пробы, а яе тыраж складае 1000 штук.
На рэверсе ў цэнтры размешчаная рэльефная выява маладой жанчыны-славянкі з маленькім дзіцём на руках. Па баках ад яе знаходзяцца дзве райскія птушкі, якія дапаўняюць кампазіцыю. У верхняй частцы па коле зроблены надпіс «СЛАВЯНКА».
Манету адчаканілі на Гомельскім вытворчым аб'яднанні «Крышталь» — кіраўнічай кампаніі холдынгу «КРЫШТАЛЬ-ХОЛДЫНГ».
З 20 кастрычніка таксама выпускаюцца дзве памятныя манеты серыі «Беларускі народны касцюм», прысвечаныя старадарожскаму строю. Гэта срэбраная манета наміналам 20 рублёў масай 33,63 грама, дыяметрам 50 мм і тыражом 3000 штук, а таксама медна-нікелевая манета наміналам 1 рубель масай 30 грамаў, дыяметрам 50 мм і тыражом 5000 штук.
На абедзвюх манетах на аверсе і рэверсе ў цэнтры паказаныя элементы нацыянальнага беларускага касцюма. Іх адчаканілі на Казахстанскім манетным двары Нацыянальнага банка Рэспублікі Казахстан.
Усе гэтыя манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Беларусі. Іх абавязаныя прымаць па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без якіх-небудзь абмежаванняў. Пра дату паступлення манет у продаж Нацыянальны банк паведаміць дадаткова.
Чытайце таксама:
На фоне росту цэн на каштоўныя металы беларусы часцей сталі здаваць срэбра ў ламбарды
У Мінску за $6000 прадаюць манету з 1990-х, з якой адбылася неверагодная хімічная рэакцыя
За беларускую манету наміналам 50 рублёў просяць 2150 даляраў