БЕЛ Ł РУС

Міхалкоў заявіў, што вайну з Украінай Расіі паслаў Бог

8.10.2026 / 07:53

Nashaniva.com

Раней расійскае ўварванне ва Украіну рэжысёр называў барацьбой з сатанізмам.

Фота: besogontv.ru

Расійскі рэжысёр і прапагандыст Мікіта Міхалкоў заявіў, што вайна з Украінай была «паслана» Расіі Богам, каб расіяне перагледзелі свае каштоўнасці. На думку Міхалкова, тое, што адбываецца, павінна было прымусіць грамадства «прачнуцца» і зразумець, што сапраўды мае значэнне ў гэтым жыцці, паведамляе Moscow Times.

«Я разумею, што гэтая фраза даволі дзіўная, але нам Госпад паслаў «СВА», каб мы апамяталіся, каб мы зразумелі, чаго вартыя сапраўдныя каштоўнасці і якія яны», — сказаў ён прапагандысцкаму RT.

Разважаючы пра сапраўдныя каштоўнасці, рэжысёр асобна перасцярог ад празмернай цягі да задавальненняў. Паводле яго слоў, небяспечна, калі жыццё пачынаюць вымяраць «колькасцю і якасцю забаў».

У якасці ілюстрацыі сваёй думкі Міхалкоў распавёў пра эксперымент з белай мышшу, якой, паводле яго слоў, далі магчымасць атрымліваць задавальненне націсканнем кнопкі.

«Навукоўцы правялі эксперымент, яны ўзялі белую мыш, падключылі яе да чагосьці і паказалі ёй, што вось націскаеш на кнопку — і атрымліваеш задавальненне. Яна націснула адзін раз, два, пяць, потым яна прыціснула кнопку — і памерла. Вось гэта вельмі, так бы мовіць, паказальны вобраз — адчуванне пастаяннага свята, якое нават у гэты час не спынілася, яно працягваецца», — заявіў прапагандыст, не ўдакладніўшы, якія менавіта навукоўцы і калі праводзілі апісаны ім эксперымент.

Пры гэтым, дадаў ён, некаторыя людзі ўжо разумеюць, што «весяліцца рана не варта».

Сам Міхалкоў ад задавальненняў адмаўляцца не спяшаецца. Ён самы багаты сярод расійскіх тэлепрапагандыстаў: вядучы «Бесагона» на канале «Расія» атрымлівае больш за 270 млн рублёў у год (на сёння 3,1 млн даляраў). Акрамя таго, на рахунках Міхалкова ў розных банках знаходзіцца больш за 2,5 млрд рублёў (30 млн даляраў), якія штогод прыносяць яму яшчэ каля мільёны працэнтаў.

За апошнія гады Міхалкоў ператварыўся з вядомага рэжысёра ў аднаго з найбольш прыкметных прапагандыстаў рэжыму.

У праграме «Бесагон ТВ» ён распаўсюджваў антызаходнія наратывы і канспіралагічныя тэорыі, а расійскае ўварванне ва Украіну называў «барацьбой з сатанізмам» і «вызваленнем Данбаса». Ён таксама абражаў расіян, якія выступаюць супраць вайны і пакінулі краіну.

Рэжысёр падтрымлівае блізкія адносіны з Уладзімірам Пуціным, якога называў «магутным лідарам сусветнай палітыкі, які ўсведамляе гістарычную адказнасць» перад Расіяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула