Амапаўцы дэманстратыўна жорстка затрымалі 60‑гадовага менеджара за хабар
У Гродне амапаўцы павалілі 60‑гадовага мужчыну на асфальт і прыціснулі каленам. Супраціву на відэа няма.
МУС паказала відэа, як АМАП затрымліваў намесніка дырэктара філіяла прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці.
На кадрах двое сілавікоў у шлемах і тактычным рыштунку прыціскаюць мужчыну тварам да асфальту. Яму заводзяць рукі за спіну і надзяваюць кайданкі. Ніякага супраціву мужчына не аказвае.
Пры гэтым сілавік прыціскае шыю затрыманага да асфальту рукой, а пазней становіцца каленам на спіну.
МУС паведаміла пра затрыманне 8 кастрычніка. Паводле ведамства, 60‑гадовага мужчыну затрымалі «пры сілавой падтрымцы байцоў АМАПа ў момант атрымання чарговага траншу».
Яго падазраюць у рэгулярным атрыманні хабару ад прадстаўніка камерцыйнай структуры за лабіраванне падрадчыка для рамонтных работ. Паводле МУС, з пачатку 2024 года ён атрымаў больш за 70 тысяч рублёў.
МУС перастаў публікаваць свой гвалт пры палітычных затрыманнях, але, як бачна, сама практыка нікуды не дзелася.