БЕЛ Ł РУС

Пасля атакі дронаў на дата-цэнтр «Яндэкса» Рунэт накрыў маштабны збой

8.10.2026 / 18:10

Nashaniva.com

8 кастрычніка каля 16:00 у расійскім сегменце інтэрнэту адбыўся маштабны збой. Паводле даных маніторынгавых сэрвісаў, праблемы закранулі вялікую колькасць папулярных сайтаў і анлайн-сэрвісаў, піша The Moscow Times.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Алена Буйвал / Vladivostok1.ru

Карыстальнікі паведамлялі пра непаладкі ў працы Т-Банка, МТС-Банка, Саўкамбанка і Альфа-Банка, «Авіта», Google, YouTube і RuTube, анлайн-кінатэатраў Ivi і KION, адукацыйнага рэсурсу «Дневник.ру», сайта Расійскіх чыгунак, некаторых мабільных аператараў і інтэрнэт-сайтаў буйных гандлёвых сетак, у тым ліку «Пяцёрачкі», «Ленты», «Магніта» і DNS.

Найбольшая колькасць паведамленняў пра збой была звязаная з «Авіта» — за суткі іх назбіралася больш за 14 тысяч. Найбольш сур’ёзныя праблемы назіраліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Жыхары Санкт-Пецярбурга пакінулі больш за 7,6 тысячы паведамленняў, галоўным чынам пра праблемы з правайдарам «Скайнэт», а таксама «Авіта» і Т-Банкам. У Маскве больш за 7 тысяч скаргаў тычыліся, у прыватнасці, воблачнага сэрвісу Mango Office.

Масавыя непаладкі пачаліся пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў у ноч на 8 кастрычніка на дата-цэнтр «Яндэкса» ў горадзе Сасава Разанскай вобласці. На аб’екце ўзнік пажар. Пасля гэтага карыстальнікі сталі паведамляць пра праблемы з «Яндэкс.Дыскам», «Яндэкс.Дакументамі» і іншымі сэрвісамі кампаніі.

Наступствы закранулі і іншыя сістэмы. У Маскоўскай вобласці пасля атакі стала немагчыма набываць праз інтэрнэт квіткі на аўтобусы. «Мастрансаўта» звязала гэта з прыпыненнем працы дата-цэнтра, які забяспечваў функцыянаванне сэрвісаў анлайн-продажу. Паводле паведамлення кампаніі, на аднаўленне сістэмы магло спатрэбіцца да 24 гадзін.

Як паведамляў РБК, у карыстальнікаў таксама ўзнікалі праблемы з доступам да сайтаў расійскіх СМІ. Збоі закранулі РБК, «РИА Новости», «Коммерсант», «Ведомости», «Інтэрфакс» і «Вести». Некаторыя з гэтых сайтаў былі недаступныя нават пры выкарыстанні VPN.

У Расійскіх чыгунках заявілі, што ў некаторых карыстальнікаў могуць узнікаць праблемы пры спробе зайсці на сайт кампаніі. Там гэта патлумачылі працай знешніх сэрвісаў. Пры гэтым у кампаніі сцвярджаюць, што мабільны дадатак «РЖД Пассажирам» ад збою не пацярпеў.

Чытайце таксама:

Украіна ўпершыню ўдарыла па дата-цэнтры «Яндэкса». «Яндэкс.Дыск» працуе са збоямі

Учора ў выніку ўдараў па Украіне загінулі 36 чалавек

Былы кіраўнік Google: Расія здаганяе Украіну ў вайсковых тэхналогіях, а рэсурсаў у яе нашмат больш. Галоўным выклікам будзе «Рассвет»

Каментары да артыкула